Менскі габрэй, беларускі нацыяналіст, сяржант Нацгвардыі ЗША



Яшчэ напачатку сямідзясятых на беларускіх вуліцах даволі часта гучаў ідыш. На той час яўрэі складалі больш за тры адсоткі насельніцтва нашай краіны. Але хвалі эміграцыі сямідзесятых і дзевяностых практычна павымывалі яўрэяў з Беларусі. Разам з яўрэямі, якія спрадвеку жылі ў нашай краіне, Беларусь страчвае і яўрэйскую культуру, і старонкі яўрэйскай гісторыі, і шмат цікавых асобаў…

Што мы ведаем пра побыт яўрэйскага мястэчка ў Беларусі? Якія прывілеі мелі яўрэі за часамі Вялікага Княства Літоўскага? Якія дакументы менскага гестапа, датычныя ўзаемаадносінаў беларусаў і тутэйшых яўрэяў, знайшлі амерыканцы ў Рэйсканцэлярыі ў 1945 годзе?

Пра гэта нашаму карэспандэнту Марціну Войну расказвае Хаім Левіт – былы мянчук, сяржант Нацыянальнай гвардзіі ЗША і даследчык гісторыі беларуска-яўрэйскіх узаемаадносінаў.

Optimized-04_Levit

РР: Спадар Хаім, колькі вы ўжо жывяцё ў ЗША?

Хаім Левіт: Больш за 22 гады.

РР: І чым вы займаецеся, як не сакрэт?

Хаім Левіт: Я – жаўнёр Нацыянальная гвардзіі Нью-Йорка, сяржант. Між іншым, пад 60% з амерыканскіх вайскоўцаў, якія бяруць удзел ва ўзброеных канфлікатах, акурат з Нацыянальнай гвардзіі розных штатаў.

Optimized-03_Levit

РР: Калі ласка, раскажыце пра сябе…

Хаім Левіт: Нарадзіўся я ў Менску. Скончыў звычайную рускамоўную школу. Таксама скончыў прафесійную школу. Адслужыў у войску. У дзяцінстве і ў юнацтве я быў абсалютна стоадсоткавы савецкі грамадзянін. Памятаю, калі мне было гадоў шэсць, у мяне на сцяне была карта, дзе я сцяжкамі адзначаў тыя краіны, якія ўжо будуюць камунізм, і тыя, якія толькі збіраюцца яго будаваць. Потым, напрыканцы васьмідзесятых, я пачаў цікавіцца гісторыяй. Пачаў чытаць навейшыя гістарычныя даследванні… Тады я дазнаўся, што Статут Вялікага Княства Літоўскага напісаны беларускай мовай. Я знайшоў тэкст і адшукаў там артыкул “аб галаўшчынах і навесках жыдоўскіх”, потым “ад нашэнні жыдоўскім”, якія мяне вельмі ўразілі. Там было напісана, што “жыды на мячах і шаблях срэбра насіць не маюць”.

Optimized-01_Levit

РР: Але ж проста зброю насіць могуць!

Хаім Левіт: Атрымліваецца, так!

РР: То давайце тады прыгадаем тыя часы. 1588 год. Ці было нешта падобнае ў той час у Заходняй Еўропе? Ці мелі еўрапейскія жыды такія ж правы, як нашыя? У той жа Гішпаніі, у Нямеччыне, у Італіі… Нічога падобнага не было.

Хаім Левіт: Так.

РР: Вы – стваральнік надзіва карыснай старонкі ў Сеціве “Жыды на Беларусі”. Інфармацыя там проста ўнікальная. Як стваралася гэтая старонка? Вам хто дапамагаў?

Хаім Левіт: Ніхто не дапамагаў, ствараў яе цалкам сам.

РР: Калі жыды ўпершыню з’явіліся ў Беларусі?

Хаім Левіт: Гісторыя жыдоўства ў Беларусі – гэта, практычна, гісторыя маёй сям’і. Бабуля мая паходзіла з вельмі заможная сям’і са Слоніму. Род наш перабраўся ў Беларусь з Гішпаніі гадоў 500 таму, ратуючыся ад інквізіцыі… Але ж большасць беларускіх жыдоў – гэта ўцекачы з Нямеччыны. Вялікае Княства Літоўскае была абсалютна ўнікальнай дзяржавай. Гэта адзіная дзяржава ў свеце, у якой не было адзінай дзяржаўнай царквы, адзінай дзяржаўнай рэлігіі. Другая такая дзяржава – Злучаныя Штаты Амерыкі…

РР: Расейскія гісторыкі сцвярджаюць, што жыдоўскія ліхвяры, у тым ліку і ў Беларусі, душылі мясцовы бізнэс…

Хаім Левіт: Так сталася менавіта пад Расейскай Імперыяй. “Рыса аседласці”, якую яны стварылі, была тэрыторыяй надзвычай высокіх падаткаў. Справа не ў тым, што жыдоўскія ліхвяры душылі бізнэс. Яны былі змушаныя “рэзаць” кошты, бо ў тых падаткавых умовах, якія былі нам накінутыя Масквой, не было ніякага іншага выйсця. Каб неяк выжыць, даводзілася зніжаць кошты…

РР: То бок рабіць дэмпінг, кажучы сучаснай мовай?

Хаім Левіт: Так! Жыды сплачвалі падаткі незалежна ад таго, былі ў іх грошы ці іх не было. Маскоўскія падаткі душылі не толькі жыдоўскі бізнэс у нашым Краі.

РР: Давайце згадаем, як выглядала традыцыйнае беларускае мястэчка яшчэ напачатку ХХ стагоддзя. На галоўнай плошчы – касцёл, царква, сінагога, а здаралася яшчэ, і мячэць. Выпадкаў нейкай рэлігійнай варожасці асабліва не было, хіба што нейкія побытавыя кпіны…

Хаім Левіт: У 1945 годзе амерыканцы знайшлі ў Рэйсканцэлярыі цікавы дакумент з менскага гестапа. Там пісалася, што беларусаў немагчыма схіліць да варожасці супраць жыдоў, бо мясцовае насельніцтва ім спачувае…

РР: Але ж напачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі выбухнулі жыдоўскія пагромы. Гомельскі, Рэчыцкі…

Хаім Левіт: Самы вядомы пагром – гэта ў Беластоку. З аднаго боку, пагромнікам трэба было даводзіць сваю вернасць расейскаму ўраду. З другога – расейская “ахранка”, каб пазбегнуць рэвалюцыі, імкнулася нацкаваць народ на жыдоў.

Optimized-02_Levit

РР: Наколькі маральна, на ваш погляд, падзяляць усіх, хто жыве ў Беларусі, на “беларусаў” і “небеларусаў” паводле нейкага “складу беларускай крыві”?

Хаім Левіт: “Паводле крыві” ніхто нацыянальнасць не вызначае. Акрамя, хіба што, нацыянал-сацыялістаў. Нацыянальнасць вызначаецца па культуры. Ва ўсіх цывілізаваных краінах, ва ўсялякім выпадку!..

Сярод вядомых беларускіх яўрэяў – мастак Марк Шагал, пісьменнік-фантаст Айзік Азімаў, вынаходнік Дэвід Сарноў, стваральнік галівудскай кінастудыі “Метро Голдвін Маер” Лазарь Меер, знакаміты гангстэр часоў “сухога закона” Меер Ланскі, а таксама пяць прэзыдэнтаў і прэм’ераў Ізраіля.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва Хаіма Левіта