Хрэсны ход у гонар Серафіма Жыровіцкага



У пятніцу, 5 верасня, у Слоніме адбыўся Хрэсны ход у гонар Серафіма Жыровіцкага (Рамана Шахмуця). Такім чынам штогод праваслаўныя вернікі Слонімшчыны памінаюць свайго земляка Серафіма Жыровіцкага, які быў закатаваны ў сталінскіх лагерах.

Сёлета Хрэсны ход пачаўся ад Слонімскага духоўнага вучылішча на вуліцы Віленскай. Затым праз цэнтр горада вернікі дайшлі да царквы Серафіма Жыровіцкага на Брэсцкай вуліцы, дзе адбылася памінальная літургія. Пасля літургіі Хрэсны ход рушыў на Жыровічы. У Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры адбылося святочнае ўшанаванне памяці гэтага прападобнамучаніка.

[Not a valid template]

Беларускі святар Серафім Жыровіцкі (Раман Шахмуць) Вялікдзень 1946 года сустрэў у сталінскіх лагерах вітаннем сваіх братоў па лагеру: “Хрыстос Уваскрос!..”. “Сапраўды ўваскрос!”, — адказвалі зэкі.

Пачуўшы гэтыя святыя словы, лагернае начальства пачало лютаваць. Яно схапіла Рамана Шахмуця і кінула яго ў карцэр, дзе знаходзілася па пояс ледзяная вада. А потым прывязалі рукі і ногі да двух грузавікоў, якія раз’ехаліся ў розныя бакі, разарваўшы цела святара папалам. Так загінуў архімандрыт Серафім Жыровіцкі. Гэта было ў пачатку сакавіка 1946 года.

Нарадзіўся Раман Шахмуць 15 ліпеня 1901 года ў вёсцы Падлессе на Случчыне (цяпер Ляхавіцкі раён) у шматдзетнай сялянскай сям’і Рамана і Алены Шахмуцяў. З дзяцінства хлопчыка цягнула да царквы, дзе ён многа і старанна маліўся. Нягледзячы на беднасць і раннюю смерць бацькі, Раману ўдалося скончыць двухгадовую школу ў Ляхавічах. У 1916 годзе ён паступіў паслушнікам у Менскі Свята-Духаў мужчынскі манастыр. Але праз год, у 1917 годзе, вымушаны быў вярнуцца ў роднае Падлессе, каб дапамагаць аўдавелай маці. У 1921 годзе Раман здаў экзамен на псаломшчыка і нейкі час служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска.

25 чэрвеня  1922 года, адчуваючы ў сабе манашскае прызванне, ён пакідае свой дом і накіроўваецца ў Жыровіцкі манастыр на Слонімшчыну. Праз год юнак прымае манашскі пострыг з імем Серафім.

Дзякуючы добрым здольнасцям да музыкі і спеваў, яму было даручана яшчэ выконваць абавязкі рэгента і ўстаўшчыка. У 1926 годзе Серафіма (Шахмуця) рукапалажылі ў іерадыякана. У гэтым сане пэўны час ён кіраваў манастырскім хорам, выконваў абавязкі эканома. Карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам сярод манастырскай браціі.

У 1935 годзе Серафім Жыровіцкі быў узведзены ў сан іераманаха. Яго накіравалі на Беласточчыну ў вёску Курашава, што каля Гайнаўкі. Там праваслаўны прыход апынуўся ў цяжкім становішчы ў сувязі з актывізацыяй уніятаў. Два гады іераманах Серафім служыў у Курашаве. За гэты час малітоўнай і падзвіжніцкай працы ён дамогся значнага паляпшэння стану храма і прыходу, заўважна ўмацоўваў дух праваслаўных вернікаў. А 20 мая 1937 года ён з хрэсным ходам з Курашава прыйшоў у Жыровічы, дзе ў гэты дзень адзначалі свята Жыровіцкай Іконы Божай Маці.

Па прапанове іераманаха Серафіма ў 1938 годзе Ікона Жыровіцкай Божай Маці была ўпершыню вынесена з Жыровіцкага Свята-Успенскага сабора і на спецыяльна абсталяваным возе яе пачалі вазіць па Гарадзенскай епархіі.

З таго часу іераманах Серафім разам са сваім сябрам Рыгорам Кударэнкам, будучым архімандрытам Жыровіцкім, удзельнічаў у місіянерскіх хрэсных ходах з Жыровіцкай Іконай Божай Маці па заходнебеларускіх гарадах і вёсках. Падчас гэтага ходу разам з прыхажанамі ён збіраў сродкі на рамонт Жыровіцкага манастыра. Паўсюль сустрэчы Іконы адбываліся ўрачыста і шматлюдна.

У канцы 1939 года ўладыка Панцеляймон (Павел Ражноўскі) узвёў айца Серафіма ў сан ігумена, а крыху пазней — у сан архімандрыта.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор Кударэнка з благаславення архіепіскапа Панцеляймона ў жніўні 1941 года пакінулі Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр і выехалі ў напрамку Мінска. Ім было даручана заняцца арганізацыяй царкоўна-прыходскага жыцця ва Усходняй Беларусі, дзе яно было ў даваенны час цалкам разбурана.

Па дарозе ў Менск яны наведалі шэраг вёсак Капыльскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў. У кожным паселішчы місіянеры збіралі сярод вернікаў прашэнні на імя ўладыкі Панцеляймона з просьбай аб адкрыцці прыходскіх цэркваў; усюды адпраўлялі богаслужэнні, аглядалі храмы, якія захаваліся, выбіралі будаўнічыя камітэты для іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў, нястомна прапаведавалі.

Прыбыўшы ў Менск, архімандрыт Серафім і айцец Рыгор нядоўгі час служылі ў Спаса-Праабражэнскай царкве былога жаночага манастыра. Але ўжо ў студзені 1942 года адправіліся на Віцебшчыну з той жа мэтай місіянерскай пропаведзі. Затым яны наведалі Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск і Гомель. У мясцовасці Чонкі аднавілі жаночы манастыр, у якім пасялілася 30 сясцёр.

У Віцебску па просьбе Царкоўнага аддзелу, быў напісаны архімандрытам Серафімам артыкул для газету “Новый путь” (газета, якая выдавалася з восені 1941 да восені 1943 гадоў. — С.Ч.). У ёй аўтар распавядаў пра сваю месіянерскую працу, аб адкрыцці цэркваў, пра тое, як народ радуецца гэтаму, энергічна ачышчае храмы ад калгаснага збожжа, ад смецця. Людзі неслі ў храмы выратаваныя і схаваныя ад бальшавікоў крыжы, рызы, малітоўнікі, Евангелле, абразы, дапамагалі рамантаваць храмы, горача маліліся, пачалі хрысціць дзяцей, адпяваць памерлых і г.д. У Вербную нядзелю праваслаўныя святары наведалі горад Сянно, дзе наладзілі першае богаслужэнне, на якім прысутнічала каля 1000 вернікаў. Там архімандрыт Серафім і іерэй Кударэнка пахрысцілі 200 дзяцей. Падчас місіянерскага падарожжа 1941–1944 гадоў па Усходняй Беларусі айцом Серафімам разам з іерэем Кударэнкам былі адкрыты 74 храмы.

Аб’ехаўшы Усходнюю Беларусь, архімандрыт Серафім (Шахмуць) стаў першым летапісцам тых пакутаў, якія выцерпелі служыцелі Праваслаўнай Царквы ў перыяд бальшавіцка-савецкага тэрору.

У чэрвені 1944 года ў сувязі з набліжэннем лініі фронту святары выехалі ў Гародню, дзе знайшлі прытулак у манастыры Нараджэння Багародзіцы. А 6 верасня таго ж года абодва прапаведнікі і місіянеры былі арыштаваны. Супрацоўнікі НКУС прад’явілі ім абвінавачанне ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі карнымі органамі СД і ў іншых надуманых злачынствах. На самой справе прычынай арышту была іх падзвіжніцкая і місіянерская дзейнасць. Арыштаваных пратрымалі пад “следствам” роўна 10 месяцаў, так нічога і не дабіўшыся. На допытах асуджаныя трымаліся мужна, не хаваючы сваіх поглядаў і перакананняў.

Абодвум вязням 7 ліпеня 1945 года вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем пакарання ў канцлагеры. Іх адправілі ў Горкаўскую вобласць, размясцілі ў розных месцах, на адлегласці 12 кіламетраў. Хутчэй за ўсё гэта быў Унжэнскі канцлагер МДБ Горкаўскай вобл. (станцыя Сухабязводная). Там і закатавалі архімандрыта Серафіма Жыровіцкага (Рамана Шахмуця). Рэабілітаваны ён быў пракуратурай Беларусі 22 красавіка 1994 года. Групавая справа, па інфармацыі Леаніда Маракова, архімандрыта і іншых святароў № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ.

Святар Рыгор Кударэнка, адбыўшы тэрмін зняволення, вярнуўся ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, дзе праз нейкі час прыняў манашаскі пострыг з імем Ігнацій. У 1984 годзе ва ўзросце 89 гадоў яго не стала.

У 1999 годзе Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Серафім Жыровіцкі быў далучаны да ліку святых новапакутнікаў. А ў 2000 годзе на юбілейным Архіерыйскім Саборы РПЦ, які праходзіў у Маскве, Серафім, архімандрыт Жыровіцкі, быў кананізаваны.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара

[manual_related_posts]