Хрысціна Бандурына – у “Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні



Творчая вечарына маладой таленавiтай паэткі, рэдактаркі аддзела паэзii часопiса „Маладосць”, выпускнiцы Школы маладога пiсьменнiка, уладальнiцы прэмii „Залаты апостраф” у намiнацыi „Дэбют” часопіса „Дзеяслоў”‚ Хрысціны Бандурынай адбылася ў гарадзенскім “Цэнтры гарадскога жыцця”.

Гомельская паэтка прадставіла гарадзенцам сваю першую кнігу, што выйдзе ў свет ўвосень 2018 года.

– Гэта зборнік вершаў, дзе ёсць новае і старое, бо нічога яшчэ не выдавалася так канцэптуальна, цалкам. Толькі нейкія асобныя падборкі ў друку. То гэта як справаздача за некалькі апошніх гадоў.

Для прыехаўшай упершыню ў Гародню паэткі горад быў горадам архітэпічнай прыгажосці.

У мяне быў пэўны стэрэатып у галаве як такога таемнага месца, нейкай архітэпічнай прыгажосці. Я тут упершыню. Ніколі не была і вельмі хацела сюды трапіць. Тут нейкі дух гісторыі, чагосьці такога. І ён адчуваецца. Але я яго не звязваю ні з літаратурай, ні з культурай. Гэта проста горад сам па сабе.

Хрысціна Бандурына ўвосень збіраецца завітаць чарговы раз у Гародню, каб прэзентаваць жыхарам горада над Нёманам кнігу. А прадстаўляць яе будзе вядомы паэт і рэдактар кнігі Андрэй Хадановіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня