Хрысціяне сабралі 55 тысяч подпісаў супраць ЛГБТ-прапаганды



Прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій сабралі 55 тыс. подпісаў пад петыцыяй супраць ЛГБТ-прапаганды сярод дзяцей і моладзі, паведаміў мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сустрэчы з моладдзю па праблемах сям’і 6 лютага ў сталічным Чырвоным касцёле. Прыблізна 20 тыс. подпісаў сабрала праваслаўная царква, яшчэ прыблізна тысячу – пратэстанты.

Паводле слоў Кандрусевіча, петыцыя будзе накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта. «У цяперашні час мы вядзем перамовы з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы аб тым, якім чынам арганізаваць перадачу. На мой погляд, лепш зрабіць гэта разам», – сказаў ён.

Арганізатарам збору подпісаў выступіла маладзёжная місія «Чыстае сэрца». Кандрусевіч выказаў падзяку ўсім, хто падтрымаў петыцыю. Паводле яго слоў, ідэалогія ЛГБТ «прарываецца ў школы і ўніверсітэты».

Мітрапаліт адзначыў, што да яго асабіста ў касцёл прыходзяць людзі з гомасексуальнай арыентацыяй з просьбай дапамагчы змяніць жыццё. «З дапамогай святара, касцёла, споведзі, сакрамэнту чалавек стрымліваецца», – сказаў арцыбіскуп. Ён падкрэсліў, што касцёл не адварочваецца ад людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі, «ад гэтага можна вылечыцца з Божай дапамогай». Кандрусевіч спаслаўся на даследаванне, праведзенае ў ЗША, у якім гаворыцца, што чалавек «не нараджаецца такім, а культура яго стварае такім».

Пытанні арцыбіскупу задавалі загадзя ў электронным выглядзе. У пытанні аб зборы подпісаў пад петыцыяй супраць ЛГБТ-прапаганды гаварылася, што працэс «сустрэў неадназначны водгук сярод каталікоў». Адзначалася, што нямала людзей адмаўляліся падпісваць петыцыю з-за няяснасці яе мэт. Шматлікія, гаварылася ў пытанні, адмаўляліся падпісваць ці падпісвалі, выказваючы сваё неразуменне, пыталіся, дзе ў нас можна бачыць ЛГБТ-прапаганду. Чалавек, які задаў пытанне, папрасіў прывесці канкрэтныя прыклады ЛГБТ-прапаганды.

Ксёндз Сяргей Дабрагост, прыводзячы прыклады такой прапаганды, згадаў мультфільм вытворчасці ЗША «Губка Боб», які ён не глядзеў, але ведае, што ў ім ёсць эпізод, дзе два персанажы мужчынскага полу ўсынаўляюць дзіця: «Наша пазіцыя такая: мы не хочам гэты мультфільм забараніць. Мы хочам, каб такі мультфільм дэманстраваўся з узроставымі абмежаваннямі і інфармаваннем аб тым, што ён змяшчае сцэны ЛГБТ-адносін». Дабрагост таксама сказаў пра кампʼютарныя гульні, якія маюць «такія сцэны». Ён адзначыў, што ёсць і іншыя прыклады, якія ў хуткім часе плануецца апублікаваць.

Як паведамлялася, касцёл выступіў супраць некаторых палажэнняў канцэпцыі праекта закона «Аб супрацьдзеянні дамашняму гвалту», якая была вынесеная на грамадскае абмеркаванне ў ліпені 2018 года. У прыватнасці Кандрусевіч заявіў, што касцёл не згаджаецца з паняццем «гендар» у праекце новага закона. «Гэта зусім не можа быць прынятае касцёлам, – заяўляў Кандрусевіч. – Папа Францыск кажа, што гендар – гэта новая ідэалагічная каланізацыя. І мы выступілі супраць і публічна». «Невядома, да чаго мы прыйдзем і якую небяспеку нясе гэтая гендарная ідэалогія, – сказаў ён. – Таму мы супраць гэтага, і касцёл будзе стаяць на сваіх пазіцыях далей».

Мітрапаліт накіраваў на адрас Аляксандра Лукашэнкі ліст з крытыкай ідэі аб прыняцці гэтага закона. Кіраўнік дзяржавы таксама раскрытыкаваў канцэпцыю законапраекта. Пазней у МУС паведамілі, што праца над ёй спыненая «з-за вялікага грамадскага рэзанансу», які выклікаў гэты дакумент.

БелаПАН