Хрысціянскія дэмакраты наведалі Глыбокае



У Глыбокім адбылася сустрэча грамадскіх актывістаў з  палітыкам Паўлам Севярынцам і  кінарэжысёрам, ураджэнцам Глыбокага, Аляксеем Туровічам.  Палітык распавёў пра гісторыю партыі БХД, якой спаўняецца ў наступным годзе 100 гадоў.  Таксама ён прэзентаваў кнігі, у тым ліку “Беларускую хрысціянскую азбуку”.

Як кажа Павел Севярынец, у Глыбокім ёсць патрэба ўшанаваць памяць людзей, якія былі звязаныя з гэтым краем і стваралі партыю БХД:

— Гэта адзін з кіраўнікоў хрысціянская злучнасці Вацлаў Ластоўскі, адзін з кіраўнікоў, старшыня ЦК БХД Павел Каруза, кампазітар, і ксёндз Міхаіл Пятроўскі, які пашыраў беларускасць у касцёле. Планы, якія мы сёння абмяркоўвалі, гэта перайменаванні вуліцаў: наданне вуліцам Глыбокага імёнаў Карузы, Ластоўскага, Пятроўскага, а таксама ўшанаванне іх памяці. Мемарыяльныя шыльды абмяркоўвалі, а таксама крыж на месцы, дзе стаяла хата Карузаў. 

Аляксей Туровіч распавёў пра здымкі свайго апошняга фільма па апавяданні Васіля Быкава “Жоўты пясочак”. Паводле рэжысёра, фільм пра Курапаты ён зняў выключна на свае сродкі, без дзяржаўнай падтрымкі:

Каб не паўтаралася гэтай трагедыі, гэтага генацыду супраць беларускага народа і Курапаты. Мы шануем і адзначаем усе даты, паслы ўсе прыходзяць у Курапаты, каб памаліцца за тых ахвяраў, што загінулі там ад рук КДБ. Таму для нас гэта велізарная перамога, што я зрабіў гэты фільм.

Па словах Аляксея Туровіча, ён спадзяецца, што фільм “Жоўты пясочак” выйдзе ў шырокі прагляд у наступным годзе. Ён паабяцаў таксама паказаць кінастужку і ў глыбоцкім кінатэатры ў бліжэйшы час. А Павел Севярынец дадаў, што святкаванне стагоддзя партыі БХД у наступным годзе адбудзецца і ў Глыбокім.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя