Хто стане лаўрэатам памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча?



Вітольд Ашурак, Павел Белавус, Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец ці Раман Кісляк – хтосьці з гэтых асобаў заўтра стане  лаўрэатам памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча, якім партыя традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцый. Гэты знак  заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца, арганізатара шматлікіх дэманстрацый ды шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Узгадвае старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

– Віктар Івашкевіч успрымаўся не толькі Партыяй БНФ, ён успрымаўся ў грамадскім асяродку, сярод прадстаўнікоў дэмакратычных структур як асноўны змагар за правы грамадзян, за палітычныя правы. Мы памятаем яго, калі нават адзін нярэдка выходзіў у знакавае месца сталіцы Беларусі ды іншыя месцы краіны з бел-чырвона-белым сцягам або іншымі нацыянальнымі сімваламі і мог супрацьстаяць цэламу падраздзяленню супрацоўнікаў міліцыі.

Сёлета ўзнагарода будзе ўручана пяты раз. Традыцыйна ўручэнне прымеркавана да 27 ліпеня – гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Летась памятным знакам імя Віктара Івашкевіча была ўганараваная вэтэран нацыянальна-адраджэнскага руху Ніна Багінская.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя