Хто стане новым рэктарам ЕГУ?



Экс-старшыня студэнцкага прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні Дзяніс Кучынскі распавядае пра кадравыя змены ў кіраўніцтве ЕГУ.

ehu-1401

17 студзеня завяршыўся прыём заявак на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) у Вільні. Хто стане новым рэктарам: беларус ці замежнік?

Дзяніс Кучынскі: Я выказваю асабістае меркаванне, але, як можна заўважыць, гэтым разам першым этапам пошука рэктара кіруе кансалтынгавае агенцтва, якое заказала SIDA (Шведскае агенцтва па міжнароднаму супрацоўніцтву ў галіне развіцця) – структура, якая летась пастанавіла ўзяць на сябе пэўную адказнасць у справах ЕГУ, што знаходзіўся у стане працяглага крызісу вышэйшага кіраўніцтва. Некалькі пазітыўных крокаў для гэтага было зроблена, аднак поўнасцю праблему пакуль яшчэ не развязала. Адным з галоўных крокаў, вядома, з’яўляецца пошук новага рэктара. Мяркуючы па прапанаваным крытэрам, ствараецца ўражанне, што шанцаў у каго-небудзь з беларусаў заняць дадзеную пасаду не вельмі шмат.

РР: Не падыходзяць па гэтым крытэрам?

Дзяніс Кучынскі: Мяркуйце самі: веданне мовы і рэгіёну не абавязковыя, чаго нельга сказаць пра “мінімум 15-гадовы вопыт выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні” і “вопыт працы са структурамі Еўрапейскага саюза, у тым ліку добрае веданне спецыфікі супрацы ў галіне еўрапейскай супольнасці ўніверсітэтаў”. Дадзеныя крытэры ідэальна могуць пасаваць (калі не браць у разлік магчымыя выняткі) перш за ўсё для грамадзяніна Еўразвязу. З гэтага можна зрабіць здагадку, што так ці іначай на пасадзе рэктара хочуць бачыць еўрапейца.

РР: А чаму не беларуса ці, скажам, амерыканца?

Дзяніс Кучынскі: Логіка можа быць наступнай: грамадзянін Еўразвязу, які ведае, як працаваць “са структурамі Еўрапейскага саюзу” мае больш шанцаў у паспяховых адносінах з донарамі. Перш за ўсё, менавіта фінансавая сітуацыя ЕГУ найбольш непакоіць донараў. І нейкая прагматычная і рацыянальная логіка ў гэтым ёсць. Аднак вельмі важна разумець, што ўніверсітэт – гэта не толькі адзін рэктар. ЕГУ – гэта складаны арганізм, які для свайго паспяховага існавання мусіць добра ўзаемадзейнічаць з рознымі групамі людзей: донарамі, студэнтамі, выкладчыкамі, адміністрацыяй, грамадзянскай супольнасцю і г.д. Калі новы рэктар (якой бы нацыянальнасці ён не быў) зможа сапраўды прыслухоўвацца да кожнай з групаў, паклаўшы ў аснову інтарэсы акадэмічнай супольнасці і паспяховай будучыні Беларусі (а не прыслухоўвацца толькі да вельмі абмежаванага кола людзей), тады ў гэтым можа быць нейкі сэнс. Тое, што некаторыя донары (такія як SIDA) сталі больш зангажаванымі ў працэс будоўлі далейшай будучыні ЕГУ, кажа не толькі, што “чые грошы – таго і банкет”, а хутчэй пра тое, што ЕГУ не мае шанца на чарговую памылку, якая можа стаць для яго апошняй, чаго, вядома, ні донарам, ні акадэмічнай супольнасці не хацелася б. Перад ЕГУ стаіць няпростая задача абрання рэктара, які павінен не толькі развязаць запозненыя праблемы вышэйшага кіраўніцтва і адміністрацыі, страты даверу і фінансаў, але і добра разумець цяперашнія геапалітычныя павевы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя