Хваля кібермахлярства не абышла і паштовую сферу



Апошнім часам Беларусь літаральна накрыла хваля кібермахлярства. Не абышла яна і паштовую сферу. Ашуканцы ствараюць у сеціве ледзь не копію сайта нацыянальнага паштовага аператара. А для большай праўдападобнасці яшчэ і карыстаюцца даменнымі імёнамі, якія ад сапраўднага belpost.by адрозніваюцца літаральна адной ці парай літар.

— Гэтая схема працуе наступным чынам, — расказалі ў прэс-службе нацыянальнага паштовага аператара. — Дапусцім, вы апублікавалі на гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы аб’яву аб тым, што хочаце прадаць або, наадварот, набыць нейкі тавар. Зламыснік, які выступае ў ролі другога ўдзельніка здзелкі, уступае з вамі ў камунікацыю шляхам інтэрнэт-месенджараў. Далей ён прапануе скарыстацца паслугамі РУП «Белпошта». Але адпраўляе спасылку на фішынгавы сайт. У рэшце рэшт чалавек, які пераходзіць па гэтай спасылцы і ўводзіць у палі даныя сваёй банкаўскай карткі, тут жа яе кампраметуе. І банкаўскі рахунак спусташаецца вокамгненна. Таксама заўважаныя выпадкі рассылкі на электронныя паштовыя адрасы паведамленняў, у якіх змешчана інфармацыя пра аплату дастаўкі замоўленага тавару. Далей яны зноў жа прапануюць перайсці на сайт, які насамрэч з’яўляецца несапраўдным.

Таму калі вы заўважылі, што вам адпраўляюць нейкія спасылкі, прапануюць паведаміць нейкі код, ці вас збянтэжыў тэлефонны код нумара, на які зарэгістраваны акаўнт, з якога вядзецца перапіска — проста спыніце дыялог.

zviazda.by