Кіраўнік Глыбоцкага райвыканкама адмовіўся выйсці да мітынгоўцаў



Больш за 600 глыбачан прыйшлі на вечаровы мітынг на цэнтральную плошчу горада. Але да іх так і не выйшаў кіраўнік раёна Аляксандр Шубскі. Ён выказаў асцярогу, што на плошчы падчас мітынгу могуць быць правакатары. Кіраўнік Глыбоцкага раёна прапанаваў альтэрнатыўны варыянт – сустрэцца з 20 чалавекамі ў райвыканкаме. На што людзі не пагадзіліся.

На пачатку мітынгу людзі яшчэ нейкі час спадзяваліся на тое, што старшыня Глыбоцкага райвыканкама ўсё ж з’віцца і  заклікалі яго выходзіць:

– Выходзь! Выходзь!

– Мы чулі, што выйдзе мэр, будзе размаўляць з горадам. Хацелася, канешне, паслухаць. Думалі, што нешта будзе прапанавана. Але нам сказалі, што ніхто да нас не выйдзе. Вельмі шкада.

Нягледзячы на тое, што кіраўнік раёна на гэты раз не выйшаў да людзей, глыбачане ўсё ж склалі свае абгрунтаванні, чаму яны выходзяць на мітынгі, і выклалі свае патрабаванні да ўладаў у пісьмовай форме.

Распавядае глыбачанка Іна, якая насіла ў райвыканкам гэты зварот:

– Мы выставілі свае патрабаванні – гэта шэсць пунктаў. Каб не было рэпрэсій, каб вызвалілі ўсіх вязняў ды іншыя. Ён паабяцаў нам гэты санкцыянаваны мітынг, але адмовіўся выйсці.

Падчас мірнага мітынгу найбольш актыўныя глыбачане выказвалі свае думкі пра стан спраў у Беларусі са сцэны. Але рабілі гэта без мікрафона, бо глыбоцкія ўлады так і не далі ім ніякай апаратуры.

За парадкам на мітынгу сачылі здалёк міліцыянты, але нікога не затрымлівалі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя