Кіраўнікі двух звязаных з tut.by праектаў таксама затрыманыя



Кіраўнікі двух звязаных з tut.by праектаў таксама затрыманыя, паведамляе партал у сваім тэлеграм-канале.

18 траўня прайшлі масавыя затрыманні супрацоўнікаў tut.by, а таксама прадстаўнікоў вядомых праектаў, звязаных з парталам. Пасля вобшуку ў офісе найбуйнейшага беларускага хостынг-правайдара hoster.by супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю (ДФР КДК) павезлі з працоўнага месца гендырэктара кампаніі Сяргея Павалішава. Пасля яго затрымалі на 72 гадзіны.

„Ніякіх абвінавачванняў у яго адрас або адрас кампаніі не сфармулявана. Мы працуем у звычайным рэжыме”, — падкрэслівае ў сваім каментары hoster.by.

У кампаніі адзначаюць, што ўчора да позняга вечара адвакат прабыў ля будынка ДФР, але сустрэцца з падабаронным яму не ўдалося. Дзе зараз знаходзіцца Павалішаў, супрацоўнікам правайдара воблачных рашэнняў невядома.

У той жа дзень была затрыманая дырэктарка RocketData Дар’я Данілава. У атрыманым БелаПАН каментары кампаніі адзначаецца, што выклік на допыт і затрыманне Данілавай не звязаныя з дзейнасцю стартапа.

„Яна займае кіруючую пасаду на адным з праектаў tut.by, да якога на дадзены момант ёсць пытанні. Гэта ніяк не звязана з дзейнасцю RocketData. Мы працуем у штатным рэжыме і на сувязі з усімі кліентамі”, — гаворыцца ў каментары.

18 траўня ДФР КДК распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Як вынікае з прэс-рэліза ведамства, у 2019 годзе ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Як сцвярджае ДФР, „таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ”. Пра гэта была паінфармаваная адміністрацыя парку.

Сайт tut.by з 18 траўня заблакаваны. Такое рашэнне прыняло Міністэрства інфармацыі на падставе апавяшчэння Генпракуратуры. „Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У дадзеных матэрыялах утрымліваецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL, — растлумачыў Мінінфарм. — У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ ў сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю”.

Актуальны спіс затрыманых напярэдадні супрацоўнікаў tut.by: галоўны рэдактар Марына Золатава, генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, намеснік гендырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, рэдактар Вольга Лойка, журналіст Алена Талкачова, юрыст Кацярына Ткачэнка.

Акрамя таго, па-ранейшаму ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

belapan.by