Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі заблакавала дапамогу пацярпелым
Онлайн-часопіс «Имена» ўдзельнічаў у праекце Цэнтра медычнай дапамогі пацярпелым падчас разгону мірных дэманстрацый. Але ў выкарыстанні ахвяраванняў, сабраных за мяжой, яму адмовілі ў Кіраўніцтве справамі Лукашэнкі.
Агулам грошы даслалі 542 чалавекі з 30 краін свету, — паведаміў часопіс. Гэта першы гуманітарны праект «Имён», заблакаваны дзяржавай. Прычына вяртання грошай у тым, што Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі адмовіў у рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі. Па законе праект не мае права выкарыстоўваць грошы без рэгістрацыі Дэпартамента. Выразнай прычыны адмовы няма, адзначаюць у рэдакцыі.
Пры гэтым «Имена» адзначылі, што працягнуць дапамогу пацярпелым. Грошы, якія трэба вярнуць, складаюць каля 8% ад усёй сабранай сумы. Усяго, дзякуючы чытачам, праект сабраў больш за 1 млн рублёў. Праект арганізуе і аплачвае даследаванні, лячэнне, рэабілітацыю, куплю медычнага абсталявання для пацярпелых падчас дэманстрацый.
Беларускае Радыё Рацыя
