Кіроўцу асудзілі на 11 гадоў калоніі за наезд на вайскоўцаў на жнівеньскім пратэсце



19 траўня Менскі гарадскі суд вынес прысуд супраць 25-гадовага Ціхана Восіпава за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос: пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне.

Ціхана абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 400, ч. 1 арт. 14 і арт. 362. Ён прызнаў віну толькі па арт. 400 Крымінальнага кодэкса, па іншых артыкулах — не прызнаў. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Арлова асудзіла Восіпава да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў два разы запрашваў для яго 12 гадоў калоніі.

Паводле абвінавачання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы менчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Менску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пяцярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».

Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанаваў у 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.

Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка — 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка — па 200 рублёў. Усе сумы кампенасаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзій да абвінавачанага не маюць.

25-гадовага Ціхана Восіпава судзілі ў красавіку Менскім гарадскім судзе за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года. Судовы працэс прайшоў цалкам, у спрэчках пракурор запрасіў для абвінавачанага 12 гадоў калоніі, а адвакат заявіў, што Восіпаў злачынства не здзяйсняў. Заставалася толькі абвясціць прысуд, аднак гэтага не адбылося: крымінальную справу пачалі разглядаць зноўку, з іншымі суддзёй і народнымі засядацелямі. Пасля аднаўлення судовага следства быў заменены суддзя з Дзмітрыя Цыкала на Пятра Арлова. Другое паседжанне прайшло спачатку і яно было амаль індэнтычным першаму: тыя ж допыты і пытанні. Пацярпелыя вайскоўцы амаль нічога новага не паведамілі суду.

spring96.org