КХП-БНФ ушанавала памяць слуцкіх паўстанцаў (абноўлена)



Да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ зладзіла традыцыйную экскурсію па мясцінах паўстання. Больш за 50 чалавек выправіліся з Менска, каб ушанаваць памяць герояў. Удзельнікі акцыі наведалі мястэчкі Грозава, Семежава ды Вызна. Завершылася мерапрыемства мітынгам у Слуцку.

„Нясіце слова праўды пра гісторыю Беларусі! Не забывайце герояў!” – заклікаў намеснік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі:

Людзі ачмураныя, падманутыя прапагандай. Ідзіце да людзей, заклікайце ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах! Можна было б шмат гаварыць пра падзеі Слуцкага збройнага чыну і пра сваё шанаванне герояў. Але ў 100 разоў больш важнае тое, што гэтыя людзі ахвяравалі сваім вольным часам, праехаліся ў гэты непагодны дзень па ўсіх гэтых мясцінах і засведчылі на месцах сваю павагу.

97 гадоў таму на Случчыне ўспыхнула антыбальшавіцкае паўстанне, удзельнікі якога выступілі за ідэалы незалежнай Беларусі. Трыдыцыйна ўгодкі гэтых падзей адзначаюць прадстаўнікі незалежных партый і рухаў краіны, бо статусу дзяржаўнага свята гэтая падзея не мае дагэтуль. 

97-ыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну адзначылі сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, якія наведалі Грозава, Вызну і Семежава, а таксама зладзілі ў Слуцку мітынг:

– КХП-БНФ арганізавала экскурсію па мясцінах, якія звязаныя са Слуцкім збройным чынам. Да ўгодкаў гэтых славутых падзей беларускай гісторыі ўдзельнікі экскурсіі наведалі Грозава, Семежава і Вызну, якая цяпер называецца Чырвоная Слабада. Ва ўсіх гэтых мясцінах праходзілі невялікія мітынгі, ушанаванне, спявалі гімн “Магутны Божа”. Паўсюль прысутнічалі людзі ў цывільным, якія ўсё фіксавалі на камеру. У экскурсіі прымалі ўдзел каля 60-ці чалавек, таксама прысутнічала кіраўніцтва КХП-БНФ – Юрась Беленькі і Алесь Чахольскі. У мястэчку Грозава быў зачытаны зварот ад Зянона Пазьняка.

За экскурсіяй па мясцінах паўстанцаў Слуцкага збройнага чыну ды мітынгамі, якія зладзіла КХП-БНФ у нядзелю пільна сачылі людзі ў цывільным. Мясцовыя жыхары наадварот трымаліся ў баку ад мітынгоўцаў.

Прычыны растлумачыў адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі:

– І раней ціснулі на іх, але прыходзілі. Людзі ў цывільным былі з намі ў Семежаве, Грозаве, Вызне, таксама ў Слуцку. Мясцовымі ўладамі былі дадзены каманды па школах, па фермах, каб не дай Бог туды прыйшлі людзі. Яны ствараюць такі мясцовы канцлагер.

„Назіральнікі” ў цывільным праехалі разам з мітынгоўцамі ўвесь маршрут ад вёскі Грозава да Слуцка. Арганізатары мяркуюць, што такія меры былі прынятыя адмыслова, каб запалохаць удзельнікаў акцыі, не гледзячы на тое, што яна дазволеная ўладамі.

Слуцкі збройны чын – гэта паўстанне 1920 на Случчыне супраць Саветаў, у якім удзельнічалі пераважна жыхары навакольных вёсак. Паўстанне было здушана бальшавікамі.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі