Колькасць афіцыйна пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 350 тысяч
Колькасць афіцыйна пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 350 тысяч, вынікае са звестак Міністэрства аховы здароўя.
За мінулыя суткі зафіксаваныя 1.735 выпадкаў COVID-19, памерлі 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй. З бальніц выпісаныя 1.733 пацыенты.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць новых выпадкаў каранавіруса значна вырасла: 22 красавіка былі зарэгістраваныя 1.170 заражаных. Рэкорд захворвання прыпаў на 12 снежня 2020 года — 1.975 выпадкаў.
Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 350.221, памерлі 2.473 пацыенты з каранавірусам, паправіліся — 340.660. Міністэрства аховы здароўя адзінаццаты дзень запар паведамляе пра 10 памерлых пацыентаў.
За мінулыя суткі выканана 18.225 тэстаў на каранавірус (17.895 днём раней). Усяго з пачатку эпідэміі зроблена 5.741.652 тэсты.
Першую дозу вакцыны супраць COVID-19 атрымалі больш як 244 тысячы чалавек, больш за 84,5 тыс. прайшлі поўны курс вакцынацыі. У краіне ўжываюцца камбінаваная вектарная вакцына „Гам-КАВІД-Вак” („Спадарожнік V”, Расія) і вакцына супраць SARS-CoV-2 Vero Cell (Кітай). З 16 красавіка выкарыстоўваецца вакцына „Гам-КАВІД-Вак”, вырабленая на прадпрыемстве „Белмедпрэпараты”.
belapan.by
