Колькасць афіцыйна пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 76 тысяч
Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 76.104 (+206 за апошнія суткі), памёр 791 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
За мінулыя суткі прырост выпадкаў інфекцыі крыху знізіўся — 21 верасня, згодна з афіцыйнай статыстыкай, было 224 новыя выпадкі і пяць смерцяў.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 73.386 пацыентаў (85 за апошнія суткі).
Праведзена 1.744.682 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 5.432.
Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за чатыры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, з расейскага боку атрыманы пакет дакументаў для правядзення клінічнага выпрабавання камбінаванай вектарнай вакцыны супраць каранавіруснай інфекцыі COVID-19 „Гам-КАВІД-Вак” вытворчасці Нацыянальнага даследчага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі. Плануецца, што ў Беларусі ў даследаванне будзе ўключана прыблізна 100 удзельнікаў.
