Колькасць бежанцаў з Украіны ў Беларусь знізілася ў паўтара разу



Колькасць бежанцаў з зоны канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны ў Беларусь на працягу 2016 года знізілася прыкладна ў паўтары раза, паведаміў 16 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

Пашпарт Украіны

Паводле яго слоў, найбольш моцным міграцыйны паток з Украіны быў у 2014—2015 гадах, што, паводле яго слоў, стала сур’ёзным выклікам для беларускай сістэмы прадастаўлення абароны бежанцам.

„Лічбы гэтага года адрозніваюцца ў меншы бок ад лічбаў мінулых двух гадоў. У паўтара разу менш грамадзян Украіны хадайнічала аб прадастаўленні дадатковай абароны”, — удакладніў Бягун.

Ён таксама паведаміў, што на ўліку ў беларускіх органах унутраных спраў знаходзяцца больш як 1.800 грамадзян Украіны, якія маюць дадатковую абарону. „Палажэннямі ўказа прэзідэнта, якія распаўсюджваюцца на катэгорыю асоб з зоны канфлікту (указ № 420 ад 30 жніўня 2014 года „Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь”.), толькі за дзевяць месяцаў гэтага года скарысталіся больш за пяць тысяч грамадзян Украіны, якія пераязджаюць па-ранейшаму ў Беларусь з мэтай працаўладкавання і пастаяннага пражывання. Акрамя таго, больш чым 600 грамадзянам Украіны было прадастаўлена ва ўстаноўленым парадку грамадзянства Беларусі”, — сказаў Бягун.

Паводле яго слоў, паток мігрантаў і бежанцаў з Украіны паменшыўся з улікам зніжэння інтэнсіўнасці баявых дзеянняў у зоне канфлікту. „Частка грамадзян Украіны вярнулася ў дзяржаву пастаяннага пражывання, частка пераехала ў Расейскую Федэрацыю. І мы цяпер працуем з той катэгорыяй асоб, якія прыбылі ў 2014—2015 гадах. Яны праходзяць працэдуру інтэграцыі, атрымання віду на жыхарства — мяняюць прававы статус, маючы намер атрымаць беларускае грамадзянства”, — адзначыў Бягун.

belapan.by

[manual_related_posts]