Колькасць новых выпадкаў COVID-19 вырасла ўтрая



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 70.974 (+247 за апошнія суткі), памерла 657 чалавек (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

За мінулыя суткі колькасць новых выпадкаў інфікавання вырасла ў тры разы — днём раней іх было зафіксавана 82 і шэсць смерцяў.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 69.378 пацыентаў (281 за апошнія суткі).

Праведзеныя 1.487.902 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 7.855.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за тры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

24 жніўня, прызначаючы Дзмітрыя Піневіча выканаўцам абавязкаў міністра аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка адзначыў працу Міністэрства аховы здароўя падчас распаўсюджвання каранавіруса. Адзначыўшы, што каранавірус пакуль не знік, ён дадаў: „Праўда, бог нас пакуль яшчэ мілаваў, не пайшла гэтая другая хваля, як у Еўропе. Але павінен сказаць, што вось гэтыя нашы высвятленні адносін на вуліцах, яны нагадваюць пра сябе, і ў нас няма таго спаду, як гэта было калісьці. Дай бог, каб было так, як сённяшні ўзровень. Але хацелася б ужо калі не расстацца з гэтай хваробай, то яе звесці да абсалютнага мінімуму. Пакуль мы спыніліся на нізкім узроўні захворвання. І зусім нізка не падаем. Зразумела, чаму гэта адбываецца”. „Але мы з гэтым справімся. Гэта ўжо не тая праблема, якая была ў сакавіку, красавіку і гэтак далей”, — сказаў Лукашэнка.