Колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню на Данбасе скарацілася



Колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню на Данбасе ў студзені скарацілася ў параўнанні са снежнем, заявіла журналістам новы спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Хайдзі Грау па выніках праведзенага 16 студзеня ў Менску першага ў новым годзе раўнда перамоваў.

«У студзені ў параўнанні з канцом мінулага года прыкметна скарацілася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню. Асабліва важна адзначыць, што летась не загінула ні адно дзіця», – сказала яна.

Грау адзначыла, што галоўнай прычынай гібелі цывільнага насельніцтва з’яўляюцца міны, і заклікала бакі актывізаваць размінаванне мясцовасці.

Паводле яе слоў, праца ТКГ у асноўным была арыентаваная на імплементацыю рашэнняў, прынятых на снежаньскім саміце «нармандскай чацвёркі» ў Парыжы. На пасяджэнні рабочай падгрупы па бяспецы абмяркоўвалася вызначэнне дадатковых участкаў развядзення сіл і сродкаў. Гуманітарная падгрупа падвяла вынікі абмену тымі, хто ўтрымліваўся, які адбыўся 29 снежня, эканамічная рабочая група абмеркавала пытанне водазабеспячэння праз лінію сутыкнення.

Палітычная падгрупа займалася пытаннямі асаблівага статусу асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей і імплементацыяй «формулы Штайнмаера» ва ўкраінскае заканадаўства.

Наступная сустрэча адбудзецца 29 студзеня.

Швейцарка Хайдзі Грау змяніла на пасадзе спецпрадстаўніка АБСЕ аўстрыйскага дыпламата Марціна Сайдзіка.

БелаПАН

Фота censor.net.ua