Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 65.953



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 65.953 (+171 за апошнія суткі), памерла 495 чалавек (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі адзначаны прырост інфікаваных, тым не менш колькасць новых выпадкаў захворвання 10-ты дзень трымаецца ніжэй за 200. У папярэднія суткі было 159 новых выпадкаў і шэсць смерцяў.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 57.856 пацыентаў (за апошнія суткі 486). Такім чынам, вылечылася амаль 88% захварэлых.

Праведзена 1.183.007 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 10.127.

Міністэрства даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу ў асаблівай увазе ў сувязі з цяжарам захворвання. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

9 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што за апошні месяц колькасць інфікаваных COVID-19 і колькасць пнеўманій знізілася ў некалькі разоў. „Апошнія тыдні мы назіраем устойлівую станоўчую дынаміку. Гэта тычыцца як колькасці выяўленых выпадкаў інфікавання, так і (што найбольш важна) колькасці ўскладненых формаў захворвання. Гэта тыя пацыенты, у якіх цячэнне каронавіруснай інфекцыі ўскладняецца пнеўманіямі”, — сказаў Каранік, каментар якога паказаў тэлеканал СТВ.

Зніжэнне захворвання, паводле слоў чыноўніка, дазваляе праводзіць зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду. „Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў без выключэння нашай краіны. Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання”, — дапоўніў ён.

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, цяпер няма неабходнасці ў вялікай колькасці бальніц для пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Разам з тым ідзе праверка гатоўнасці медустаноў на выпадак другой хвалі COVID-19.

belapan.by