Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 68.067
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 68.067 (+121 за апошнія суткі), памерла 567 чалавек (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Чацвёртыя суткі запар прырост інфіцкаваных зніжаецца. У папярэднія суткі было 138 новых выпадкаў і чатыры смерці.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісаныя 62.896 пацыентаў (за апошнія суткі 210). Такім чынам, вылечаныя 92% тых, хто захварэў.
Праведзена 1.319.976 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 10.395.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш за тры месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.
28 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніцтвам і асабістым складам ведамстваў сістэмы арганізацыі нацыянальнай бяспекі ў вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС заявіў, што перахварэў на COVID-19. „Самае дзіўнае, вы сёння сустракаецеся з чалавекам, які на нагах прымудрыўся перанесці каранавірус. Такое ўчора заключэнне лекары зрабілі. Бессімптомна”, — заявіў Лукашэнка (відэафрагмент сустрэчы размясціў тэлеграм-канал „Пул Першага”).
Афіцыйны лідар адзначыў, што 97% насельніцтва Беларусі „пераносіць гэтую заразу бессімптомна”. „Дзякуй богу, што мне ўдалося трапіць у гэтую кагорту бессімптомных”, — дадаў ён.
Раней Лукашэнка неаднаразова называў сітуацыю вакол каронавіруса „псіхозам”. Так, 6 чэрвеня на сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласці ён сказаў: „У ахове здароўя вы бачыце каронавірус, які прывёў да псіхозу ўсю планету. Падкрэсліваю — да псіхозу — усю планету. Магчыма, камусьці і не падабаецца гэта, але, я думаю, пройдзе час, і вы таксама прыйдзеце да гэтага меркавання. А магчыма, у выніку нашай сённяшняй размовы вы мяне ў гэтым плане падтрымаеце. Я кажу „псіхозу”, таму што камусьці ён патрэбны. І вы, напэўна, ужо заўважылі, каму патрэбны. Як заўсёды, пасля свінога, птушынага, атыповай пнеўманіі — гэта вось тое, што мы з вамі перажылі зусім нядаўна, — сёння чарговая пандэмія. Тая ж пнеўманія, толькі ў новым выглядзе”.
„І вы памятаеце, хто скарыстаўся гэтымі сітуацыямі, хто мільярды паклаў у кішэню. Ужо ўвесь свет сёння спыніўся. Эканоміка не проста застопарылася, перакулілася эканоміка ўсяго свету. А вядучыя кампаніі, вядучыя мільярдэры і дзяржавы ў кішэню паклалі трыльёны даляраў, — сказаў Лукашэнка. — Таму я заўсёды, яшчэ тры месяцы таму, калі вы памятаеце, задаваў вам пытанне: каму гэта трэба? Ці рукатворнае гэтае мерапрыемства — пандэмія ў ахове здароўя? Пакуль на гэтае пытанне ў мяне, спадзяюся, і ў вас, адказу няма”.
2 ліпеня падчас уручэння дзяржаўных узнагарод беларускі кіраўнік заявіў: „Мы не зніжаем градус барацьбы з каронавірусам, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі”.
