Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 49.453



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 49.453, памерла 276 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ сем чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 823, або на 1,7% (у папярэднія суткі было 879 новых выпадкаў і шэсць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 23.880 пацыентаў (+233 за суткі). Усяго праведзена 632.993 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 10.680.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

Як заявіў 6 чэрвеня падчас рабочага візіту ў Магілёў Аляксандр Лукашэнка, „гэта была цяжкая барацьба, якая сёння не скончаная”. „Сітуацыя кіраваная, і краіна кіраваная, і мы можам прыняць любое рашэнне. Але пакуль, дзякуй богу, нам не патрэбныя крайнія меры. Нашы ўрачы навучыліся спраўляцца з гэтай хваробай. Яна ў кожнага чалавека можа працякаць па-рознаму. Адсюль і лекі патрэбныя розныя. Лекаў у нас хапае, ахоўных сродкаў дастаткова, і ўрачы прыстасаваліся лячыць гэтыя хваробы”, — запэўніў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі не толькі займаюцца тэставаннем на каронавірус, але і прыярытэтную ўвагу надаюць дыягностыцы пнеўманіі. „Мною было дадзена жорсткае ўказанне: усіх тых, хто звярнуўся, — на КТ. Мы за гэты час закупілі дзясяткі апаратаў і там, дзе трэба было, устанавілі. Цяпер нават у Менску ў паліклініках устанаўліваем. Урачы малайцы, ужо навучыліся, яны бачаць на КТ — звычайная пнеўманія або кавідная. Вось гэта правільны паказчык, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І мы можам смела гэтыя паказчыкі апублікаваць і паказаць, хто лепш за ўсё спраўляецца і справіўся на сённяшні момант з гэтай заразай”.

Разам з тым Лукашэнка адзначыў, што неабходна выконваць меры засцярогі, аднак падыходзіць да гэтага з розумам. „Трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі і берагчы старых. Не расслабляйцеся, ні ў якім разе. Паберажыце сябе, але разумна. Не зачыняючыся недзе ў куце, а больш бывайце на свежым паветры”, — параіў беларускі кіраўнік.

5 чэрвеня намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан падчас наведвання Берасцейскай вобласці ў ходзе рэспубліканскага маніторынгу паведаміла, што пік эпідэміі каронавіруса прайшла амаль палова насельніцтва Беларусі. „Менск ужо прайшоў верхавіну і ідзе на зніжэнне. Менская і Віцебская вобласці прайшлі гэтак жа. Гэта значыць фактычна 40—45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі, — цытуе чыноўніцу прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. — Калі пройдзе Берасцейскую вобласць, у нас будзе бліжэй да 60%”.

belapan.by