Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 61 тысячу
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 61.095 (+382 за апошнія суткі), памерла 377 чалавек (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Другі дзень сутачны прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, складае менш за 400, аднак хворых выяўлена больш, чым за папярэднія суткі (331 выпадак і шэсць смерцяў).
Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачунялі і выпісаныя 44.126 пацыентаў (за апошнія суткі 1.437). Такім чынам, вылечыліся дзве траціны захварэлых.
Праведзена 959.880 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 20.356.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы.
26 чэрвеня на сустрэчы з найлепшымі выпускнікамі медуніверсітэтаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што эпідэміялагічная сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 у краіне паляпшаецца. „Мы рэгіструем менш каронавірусных ускладненняў ў выглядзе пнеўманіі”, — сказаў ён.
21 чэрвеня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” кіраўнік Міністэрства аховы здароўя адзначыў, што насельніцтва стала менш надаваць увагі мерам бяспекі, „рана расслабіліся”. „Усе нашы рэкамендацыі застаюцца ў сіле, асабліва гэта тычыцца уразлівых груп насельніцтва. Гэта меры сацыяльнага дыстанцыявання, нашэнне масак у месцах з вялікай колькасцю людзей. Людзей з прыкметамі інфекцыйных працэсаў мы гэтак жа просім па магчымасці заставацца дома, выклікаць урача дамоў, а пры перамяшчэнні за межамі кватэры выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы”, — адзначыў Каранік.
Гаворачы аб магчымай другой хвалі захворвання COVID-19, ён заклікаў рыхтавацца да таго, што „вірус застанецца ў папуляцыі”. „Мы выкарыстаем увесь гэты час, каб узмацніць матэрыяльна-тэхнічную базу сістэмы аховы здароўя і павысіць яе стрэсаўстойлівасць”, — сказаў чыноўнік.
На думку Караніка, другая хваля каронавіруса калі і здарыцца, „будзе менш значнай, і сістэма падрыхтаваная да яе значна лепш, чым да першай”.
