Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 20 тысяч



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 20.168 (8,7% ад колькасці праведзеных тэстаў), памерла 116 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ чатыры чалавекі, а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 913 (+4,7%) (у папярэднія суткі 905 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 5.067 пацыентаў (+679 за суткі). Усяго праведзена 229.466 тэстаў. Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”.

5 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прагноз айчынных спецыялістаў наконт эпідсітуацыі ў краіне „пакуль спраўджваецца з дзіўнай дакладнасцю”. Афіцыйны лідар разлічвае на завяршэнне „эпапеі” з каранавірусам праз месяц. „На сённяшні дзень у нас усіх пнеўманійных 12.415, усіх — і кавідных, і не кавідных. Хварэе 12.400. Для краіны, скажу прама, гэта шчасце, што такая невялікая колькасць. З іх (з 12 тысяч з паловай) толькі 1.008 чалавек цяжкахворымі класіфікуюцца. Гэта ўсяго 8% цяжкіх пнеўмахворых ад усёй колькасці. Гэта выдатны вынік, таму пакуль я не бачу, у чым мы не маем рацыі. Ну, можа, у нечым не маем рацыі, можа, мы яшчэ не ўсё бачым. Ну, пройдзе час, ацэнім сітуацыю, зробім адпаведныя высновы”, — сказаў беларускі кіраўнік.

У той жа дзень у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская выказала меркаванне, што выйсці на ўстойлівае зніжэнне захворвання на каранавірус COVID-19 у Беларусі атрымаецца прыкладна праз месяц. Такой ацэнкай яна падзялілася ў адказ на пытанне, на які прагноз спецыялістаў спасылаецца Лукашэнка. „Мы зрабілі гэты прагноз. Улічвалася эпідэміялагічная мадэль, удзельнічалі ў яе распрацоўцы розныя спецыялісты, таму што гэта пытанне знаходзіцца на стыку спецыяльнасцяў — у сферы працы эпідэміёлагаў, вірусолагаў, інфекцыяністаў. Улічвалі зусім розныя параметры: сярэдні інкубацыйны перыяд каранавіруса, розныя мадэлі, як можа развівацца сітуацыя. І, безумоўна, улічвалі і нейкія пэўныя сацыяльныя асаблівасці, разумеючы, што ў тыя ж выхадныя дні рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па сацыяльным дыстанцыяванні насельніцтва не так дакладна выконвае, як у рабочыя дні”, — патлумачыла Глінская.

„І вось гэты прагноз, уласна кажучы, вось за той перыяд з моманту яго стварэння, ён практычна ў поўнай меры апраўдваецца. Ну, можа быць, недзе апошнія тыдні паўтара крыху ў нас з’явіўся па прагнозе зрух на адзін дзень. Тыя меры, якія мы прымаем, яны досыць эфектыўныя, яны працуюць і дазваляюць нам папярэдзіць досыць вялікую колькасць выпадкаў захворвання, не дапусціць лавінападобнага росту”, — заявіла прадстаўнік цэнтра.

Адказваючы на пытанне, калі Беларусь па колькасці заражаных COVID-19 выйдзе на „тое самае плато і лічбы ўсё ж пачнуць паволі ісці на змяншэнне”, Глінская сказала: „Мяркуем, што дзесьці праз месяц, магчыма, нават да канца гэтага месяца, мы ўсё ж такі выйдзем на ўстойлівае зніжэнне захворвання і тады ўжо можна будзе казаць пра нейкія наступныя прагнозы”.

9 красавіка міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік паведаміў у Палаце прадстаўнікоў, што, паводле разлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворвання на каранавірус Беларусь выйдзе ў канцы красавіка — пачатку траўня.

14 красавіка намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан на прэс-канферэнцыі дала прагноз, што рост колькасці пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі на 300—400 у суткі працягнецца яшчэ два-тры тыдні, пасля чаго пачнецца спад.

Аднак прагноз не апраўдаўся: спаду не адбылося, а колькасць выяўленых штосутачна ў Беларусі выпадкаў COVID-19 больш чым удвая перавышае агучаныя раней ацэнкі Міністэрства аховы здароўя.

belapan.by