Колькасць ВІЧ-інфікаваных у Беларусі працягвае расці



Па выніках 2016 года паказчык захворвання ВІЧ-інфекцыяй у Беларусі склаў 25,2 выпадку на 100 тысяч насельніцтва, паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

У 2015 годзе ўпершыню выяўленых выпадкаў ВІЧ было 24,3 на 100 тыс. чалавек.

Адзначаецца, што па-ранейшаму ў рэспубліцы ў асноўным пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ — 72,8% выпадкаў. У эпідэмічны працэс часцей уцягваюцца мужчыны — іх доля сярод тых, хто захварэў, склала 62,3%, жанчын — 37,7%.

Часцей за ўсё ВІЧ-інфекцыя выяўляецца ва ўзроставай групе 40 і больш гадоў — крыху больш за траціну выпадкаў, другой па значнасці з’яўляецца ўзроставая група 30—34 гады — чвэрць выяўленых выпадкаў. Ва ўзроставай групе 35—39 гадоў частата выяўлення ВІЧ склала каля 20%, сярод асоб ад 25 да 29 гадоў — 14,7%, ад 20 да 24 гадоў — 5,8%.

Самыя нізкія значэнні — 0,9% — адзначаюцца ва ўзроставай групе ад 15 да 19 гадоў і сярод дзяцей да 14 гадоў.

Як раней паведамляў БелаПАН, медыкі канстатуюць, што ў Беларусі сёння толькі 45% ВІЧ-інфікаваных ведаюць аб сваім статусе, а з больш чым 17 тысяч носьбітаў віруса, зарэгістраваных у арганізацыях аховы здароўя, тэрапію атрымліваюць толькі 48%.

Пры гэтым у рэспубліцы працуе 48 ананімных пунктаў прафілактыкі ВІЧ/СНІД, куды любы жадаючы можа звярнуцца па дапамогу і прайсці тэставанне. З іх 32 пункты — для наркаспажыўцоў. Усе ВІЧ-пазітыўныя пацыенты, калі ў іх ёсць паказанні да прызначэння спецыфічнага лячэння, бясплатна атрымліваюць лекі для антырэтравіруснай тэрапіі. Медыкі падкрэсліваюць, што, своечасова пачаўшы антырэтравірусную тэрапію і прытрымліваючыся ўсіх указанняў урача, людзі, якія жывуць з ВІЧ, могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё.