Колькасць выяўленых фактаў атрымання хабару вырасла амаль на 400%



У Менскай вобласці ў 2016 годзе рэзка ўзрасла колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў — 311 супраць 158 у 2015 годзе. Рост склаў амаль 97%, паведаміў БелаПАН начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю абласной пракуратуры Аляксандр Ганчар.

Найбольшая колькасць такіх злачынстваў зарэгістравана ў Менскім (132), Барысаўскім (31), Маладзечанскім (25) і Салігорскім (19) раёнах.

Значны рост выяўленых карупцыйных злачынстваў адбыўся за кошт спраў па арт. 430 КК (атрыманне хабару) — з 39 да 191, г.зн. на 389,7%.

Акрамя таго, праваахоўнымі органамі ў мінулым годзе выяўлена на 69,6% больш злачынстваў, прадугледжаных арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), а таксама арт. 431 КК (дача хабару) — на 240%.

Памер устаноўленай шкоды, нанесенай у выніку карупцыйных злачынстваў, у 2016 годзе склаў 714.194,87 рубля, а кампенсаванай — 299.219,06 рубля. Накладзены арышт на маёмасць на 1.425.453,80 рубля.

Часцей за ўсё такія злачынствы выяўляліся ў сферы дзяржаўнага кіравання, ахове здароўя, у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, прамысловасці.

Напрыклад, вядучы спецыяліст упраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Менскага аблвыканкама прыгаворам суда Клецкага раёна ад 9 чэрвеня 2016 года была прызнаная вінаватай у неаднаразовым атрыманні незаконнай грашовай узнагароды (хабару) і на падставе ч. 1 і 2 арт. 430 КК асуджаная на чатыры гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых функцый і правядзеннем юрыдычна значных дзеянняў тэрмінам на пяць гадоў.

Таксама за атрыманне хабараў і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі па ч. 3 арт. 430 КК і ч. 3 арт. 426 КК па прыгаворы суда Маладзечанскага раёна ад 15 лістапада быў асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права на працягу пяці гадоў займаць пасады ў органах улады і кіравання, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама.

Пракуратурай Менскай вобласці ў 2016 годзе праведзена 148 праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. З мэтай ліквідацыі выяўленых у ходзе праверак парушэнняў унесена 121 прадстаўленне, вынесена 76 прадпісанняў, прынесена 36 пратэстаў, па выніках разгляду якіх адменена 36 незаконных актаў. Акрамя таго, 118 асоб афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

Па патрабаваннях пракурораў Менскай вобласці за парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства 200 асоб прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, пры гэтым шэсць вызвалена ад займаных пасадаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 75 асоб, да матэрыяльнай — 36 на агульную суму 16.827 рублёў.

belapan.by