Колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 44 тысячы



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 44.255, памерлі 243 чалавекі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерлі яшчэ тры чалавекі, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 852, або на 1,9% (у папярэднія суткі было 847 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Паправіліся і выпісаныя 19.195 пацыентаў (419 за суткі). Усяго праведзена 562.945 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 9,6 тыс.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

29 мая падчас наведвання Мінскага трактарнага завода Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш за хваробу. Хвароба займае палову, магчыма, і менш. Усё астатняе — гэта палітыка”.

Лукашэнка зазначыў, што некаторыя бальніцы ўжо пачынаюць вяртацца да звыклага рэжыму працы па сваёй спецыялізацыі. „У Віцебску ўжо, па-мойму, тры бальніцы вымылі з тых, якія мы выкарыстоўвалі, каб лячыць людзей з вірусам. Гэта кажа аб тым, што мы паціху выпаўзаем”, — сказаў ён.

Падчас анлайн-брыфінгу 28 мая дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге паведаміў, што Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Еўропы з найбольшай колькасцю зарэгістраваных выпадкаў заражэння COVID-19 за апошнія два тыдні. Акрамя Беларусі ў першай пяцёрцы Расія, Вялікабрытанія, Турцыя і Італія.

Клюге адзначыў, што на фоне пандэміі Еўропа ўваходзіць у фазу эканамічнага спаду, але разам з тым ён перасцерагае краіны ад таго, каб з-за гэтага яны скарачалі дзяржаўныя расходы на ахову здароўя. „Сёння нашым прыярытэтам павінна стаць інвеставанне ў ахову здароўя, у сацыяльную абарону і, перш за ўсё, пазбяганне жорсткай эканоміі, якая разбурыла жыцці многіх у Еўропе. Інвеставанне ў ахову здароўя і сацыяльную абарону — асабліва ва ўмовах нестабільнай эканомікі — з’яўляецца прыкметай адказных палітычных дзеянняў”, — падкрэсліў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ.

belapan.by