Колькасць заражаных COVID-19 узрасла да 6.723, памерла 55 чалавек



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруса COVID-19 да 21 красавіка дасягнула 6.723, памерла 55 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Такім чынам, за апошнія суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў павялічылася на 459 (7,3%), смерцяў — на 4.

У адрозненне ад папярэдняга дня, Міністэрства аховы здароўя не дало лічбаў па абласцях і Менску, матываваўшы гэта тым, што „ў рэгіёнах статыстыка па выяўленых выпадках істотна не памянялася”.

Па-ранейшаму няма дадзеных аб колькасці хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Не названая і колькасць пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжкасцю захворвання”.

Выпісана 577 пацыентаў з COVID-19, якія ачунялі (+63 у параўнанні з папярэднім днём).

„З пачатку лютага ў Беларусі праведзена 108 тыс. 545 тэстаў на каранавірусную інфекцыю. У кругласутачным рэжыме спецыялісты 25 лабараторый, якія адкрытыя як у рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах і ў цэнтрах гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, так і ў прыватных медыцынскіх цэнтрах, праводзяць праверку тэстаў на COVID-19”, — адзначаецца ў рэлізе Міністэрства аховы здароўя.

Па стане на раніцу 18 красавіка было зарэгістравана 518 новых выпадкаў інфікавання каранавірусам, на раніцу 19 красавіка — 510, на раніцу 20 красавіка — 457.

Актуальную статыстыку Міністэрства аховы здароўя апублікавала роўна ў 19 гадзін, днём раней, 20 красавіка, — у 16.41. 18 і 19 красавіка дадзеныя не абнаўляліся.

belapan.by