Колькасць жанчын, якія кураць, у Беларусі павялічылася ўтрая



Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, за апошнія пяць гадоў колькасць жанчын, якія кураць, у Беларусі павялічылася ўтрая, паведаміў 12 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску галоўны пазаштатны кардыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ „Кардыялогія” Аляксандр Мрочак.

Паводле яго слоў, у краіне кураць 14% жанчын і, паводле розных звестак, ад 46 да 52% мужчын.

„Для кардыёлагаў і анколагаў гэта самы галоўны і самы небяспечны фактар рызыкі, які хутка прыводзіць да атэрасклерозу, — адзначыў кардыёлаг. — У выніку далей — высокія тэхналогіі з усімі іх выдаткамі, якіх можна было б пазбегнуць простай прафілактыкай і здаровым ладам жыцця”.

Як прыклад паспяховай барацьбы з тытунекурэннем ён прывёў жорсткую антытытунёвую палітыку Аўстраліі. „У прыватнасці, пачак цыгарэт там каштуе ў 100 разоў больш, чым у нас”, — сказаў Мрочак.

Кіраўнік РНПЦ адзначыў, што ў структуры смяротнасці кардыялагічныя захворванні займаюць першае месца: ад 55 да 58% людзей паміраюць менавіта ад іх.

Паводле слоў Мрочака, развіццё кардыялагічнай дапамогі ў Беларусі вядзе да таго, што ў найбліжэйшай будучыні структура кардыялагічных захворванняў будзе мяняцца, у прыватнасці вырасце колькасць пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю.

„Сёння мы можам ратаваць людзей пры інфарктах міякарда, арытміях, пры вострым каранарным сіндроме, пры кардыяміяпатыі, а вось натуральным вынікам гэтага, а таксама ў сувязі з павелічэннем працягласці жыцця будзе рост колькасці пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю”, — растлумачыў кардыёлаг.

Паводле яго слоў, гэта ўжо будзе праблемай галін дапаможнага кровазвароту і транспланталогіі. „Гэтыя тэхналогіі выйдуць на першы план, — падкрэсліў Мрочак. — Пэўная гатоўнасць да аказання дапамогі хворым з сардэчнай недастатковасцю ў нас ужо ёсць”.

Фінальная стадыя дапамогі — гэта трансплантацыя, якая стане глабальным кірункам у медыцыне, у тым ліку ў кардыялогіі, адзначыў урач. З 2009 года ў краіне трансплантавалі 293 сэрца. Ёсць пацыенты з трансплантацыяй лёгкіх і комплексу „сэрца — лёгкія”.

belapan.by