“Конная фіеста” ў Берасці



Фестываль пад такой назвай прайшоў у Берасцейскім цэнтры алімпійскага рэзерву па конным спорце.

Падрабязней распавядае дырэктар Цэнтра і адзін з арганізатараў Аляксандр Жуковіч:

– Ідэя паказаць усім жыхарам Берасцця, гасцям горада, што конны спорт існуе, што дзеці з вялізным задавальненнем сюды прыходзяць, што яны хочуць тут займацца. Далучыць усіх, паказаць, што конь насамрэч прыгожая, разумная жывёла.

З-за пахмурнага і дажджлівага надвор’я большая частка забаўляльных мерапрыемстваў праходзіла ў манежы, аднак хапала наведвальнікаў і на вуліцы каля пляцоўкі для спаборніцтваў. Большая частка наведвальнікаў прыйшла разам з дзецьмі:

– Спадабалася арганізацыя, спадабалася тое, што далі магчымасць дзецям пакатацца на конях, дарослым, паказалі выступы і ўсе задаволеныя. Ад коней увогуле ў захапленні, і пакарміць іх можна, і паглядзець, і пакатацца.

Акрамя забаваў і катанняў на конях, госці фестывалю маглі паназіраць за коньмі ў загонах, а таксама ўбачыць паказальныя спаборніцтвы па скоках.

“Спадзяемся, што фестываль цягам часу стане своеасаблівай “фішкай” нашага гораду і будзе штогадовым”, – выказаў надзею Аляксандр Жуковіч.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара