Краязнаўчая экспедыцыя па берагах Нёмана



У Лідскім раёне адбылася краязнаўчая экспедыцыя па вёсках, якія стаяць на беразе Нёмана. Аматары гісторыі Панямоння з Гародні амаль на працягу тыдня займаліся зборам і запісам інфармацыі пра побыт жыхароў у вёсках Лідчыны, якія здаўна жывуць на беразе ракі. Асноўная інфармацыя, якая цікавіла ўдзельнікаў экспедыцыі, тычылся таго, як нашыя продкі лавілі рыбу ў Нёмане і як выкарыстоўвалі раку ў транспартных мэтах. Арганізатар экспедыцыі Вадзім Саранчукоў адзначыў, што сярод жыхароў Панямоння за гэты час было сабрана багата інфармацыі і артэфактаў, што ў выніку будзе сістэматызавана і апублікавана ў асобнай працы.

Асноўнай задачай быў збор інфармацыі па Нёмане, нёманскія паданні, легенды, гісторыі старажылаў пра тое, якім быў Нёман, што ўяўляў, якія легенды з ім звязаныя, якое было рыбалоўства і суднаходства. Увогуле, як жылі людзі на гэтай рацэ, з чаго жылі, што чакалі ад Нёмана. Спадзяюся, што вынікам стане калі не манаграфія, то збор інфармацыі пра раку, якая насамрэч спалучае Гарадзеншчыну, часы мінулыя і сённяшнія.

Адначасова з Лідскім раёнам такім жа чынам ідуць даследаванні па населеных пунктах Панямоння ў суседнім Наваградскім раёне, а таксама на Мастоўшчыне і Гарадзеншчыне. Апошнім пунктам вывучэння будзе непасрэдна Гародня.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара