Крок наперад — два крокі назад?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі патлумачыў, чаму поўная забарона на продаж алкагольных напояў можа даць зваротны эфект.

У Барысаўскім раёне мясцовыя ўлады праявілі ініцыятыву – амаль на ўвесь жнівень (на час правядзення ўборачнай кампаніі) у сельскіх крамах забаронены продаж алкагольных напояў. Ці будзе карысць ад такой забароны?

Віталь Рымашэўскі: Гэтая мера дасць адваротны эфект, таму што немагчыма эфектыўна змагацца з алкагалізацыяй насельніцтва такімі непрадуманымі крокамі. Змаганне з п’янствам магчыма толькі ў тым выпадку, калі прапануецца сістэмная альтэрнатыва. Гэта і праца, каб пазбаўляць людзей алкагольнай залежнасці, і сацыяльна-эканамічныя стымулы, і культурніцкая ініцыятыва. А ў Беларусі зараз самая танная магчымасць правесці час – набыць пляшку. Таму забарона на продаж алкагольных напояў на месяц, як мне падаецца, дасць абсалютна нулявы вынік. Няўжо нехта забароніць нелегалам у тым жа Барысаўскім раёне прадаваць самагонку альбо сурагатны алкаголь? Мяркую, айчынныя самагоншчыкі ў сілах гэты попыт задаволіць у асобным раёне. Таму, памкненне ў раённых уладаў можа і добрае, але толку з яго не будзе.

РР: Хацелі як лепш, а атрымаецца як заўсёды…

Віталь Рымашэўскі: З гісторыі мы ўжо ведаем, да чаго прыводзяць такія забароны. Паўтаруся, да барацьбы з алкаголем трэба падыходзіць з розумам. Калі нехта думае, што калі ў крамах перастануць прадаваць віно ці гарэлку, то пасля гэтага грамадства на месяц вырашыць працверазець, той глыбока памыляецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя