Круглы стол да Дня роднай мовы ў Глыбокім



Круглы стол, прысвечаны Дню роднай мовы, правялі грамадскія актывісты Глыбоччыны. На ім прысутнічалі сябры грамадскіх аб’яднанняў “Таварыства беларускай мовы”, “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, “Барміца”, а таксама творчая інтэлігенцыя і моладзь.

stol_3

Як кажа кіраўнік грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы” ў Глыбокім Зміцер Лупач, мерапрыемства было прысвечана стану беларускай мовы ў сучасным грамадстве і пашырэнню сферы яе ўжытку:

– Зараз у грамадстве ў сувязі з украінскімі падзеямі ўзнік такі трэнд, што грамадства стала больш цікавіцца беларускай мовай і наогул беларускасцю. І нават ва ўладзе гэта заўважна, што ў беларусаў мова – адзінае, што нас магло б аб’ядноўваць.

Па словах Змітра Лупача, у бліжэйшы час грамадскія актывісты плануюць выдаць некалькі кніг мясцовых беларускамоўных аўтараў, правесці канцэрты беларускіх музыкаў,  арганізаваць конкурсы. А таксама сабраць подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў, каб на цэнтральных вуліцах Глыбокага было дазволена ўсталяваць беларускамоўныя шыльды назваў вуліц.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара