Крымінальная справа аб масавых беспарадках у Пінску накіраваная ў суд



Пракуратура Берасцейскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу аб масавых беспарадках у Пінску 9—10 жніўня 2020 года.

Як паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры, фігурантамі справы з’яўляюцца 10 грамадзян ад 17 да 44 гадоў, якім „інкрымінаваны ўдзел у масавых беспарадках, што выявіўся ў непасрэдным гвалце над асобай, пагромах і знішчэнні маёмасці”.

„Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачваныя прынялі 9 жніўня 2020 года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага райвыканкама, чым груба парушылі грамадскі парадак, — адзначаецца ў паведамленні. — У яго развіццё ўчынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных пліт, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля чаго наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якія належала АУС, фізічным і юрыдычным асобам”.

Паводле версіі абвінавачання, сямі супрацоўнікам міліцыі нанесеныя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, шасці — лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя, 42 — лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя, 54 — пабоі.

Прычыненая шкода ў суме большай за 24 тысячы рублёў не кампенсаваная — пракуратура выставіла да абвінавачваных іск аб спагнанні шкоды ў салідарным парадку.

„Пасля вывучэння справы ў пракуратуры Берасцейскай вобласці прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, поўным і аб’ектыўным даследаванні акалічнасцяў злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй зробленага паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў паведамленні. — Крымінальная справа знаходзілася ў справаводстве ўпраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці. У якасці меры стрымання да дзевяці абвінавачваных прымененае заключэнне пад варту, да аднаго — хатні арышт. Ва ўсіх розны ўзровень адукацыі і рознае сацыяльнае становішча. Двое з іх маюць непагашаную судзімасць, трое раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці, аднак на момант супрацьпраўных дзеянняў судзімасці былі пагашаныя. Згодна з заключэннем судова-псіхіятрычнай экспертызы, адзін з абвінавачваных хварэе на хранічны алкагалізм і мае патрэбу ў прымяненні прымусовых мер бяспекі і лячэння”.

У прэс-службе Генпракуратуры таксама адзначылі, што расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да іншых фігурантаў працягваецца.

belapan.by