Крысціян Шынкевіч не здолеў праз суд аднавіцца ў ВНУ



Студэнта – не аднавілі на вучобе. У Менскім гарадскім судзе разглядзелі скаргу адлічанага студэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Крысціяна Шынкевіча. Ён абскарджваў рашэнне суда Маскоўскага раёну, які прызнаў адлічэнне студэнта законным. Менгарсуд таксама не ўбачыў парушэнняў у дзеяннях адміністрацыі ВНУ і пакінуў рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі бяз зменаў. Адвакат і сам адлічаны студэнт лічаць, што парушэнні відавочныя і збіраюцца далей абскарджваць рашэнне суда:

– Сапраўды вельмі смешна было, калі толькі зачыталі маё прозвішча, суддзі спынілі разгляд, пачалі размаўляць паміж сабой і толькі потым пачалі разглядаць справу. Самае галоўнае, чым мы кіраваліся, гэта тое, што ў Кодэксе аб адукацыі напісана, што калі праз трохдзённы тэрмін не азнаёмлены, то немагчыма прыцягнуць да адказнасці. Адносна загаду аб адлічэнні, азнаёмілі мяне з парушэннем тэрміну. Гэтыя доказы ёсць, але і суд Маскоўскага раёна, і гарадскі суд гэтую заўвагу, самую галоўную, проста ігнаруюць.

Крысціян Шынкевіч быў затрыманы на Дзень Волі ў офісе праваабарончага цэнтру “Вясна” падчас інструктажу перад назіраннем за акцыяй. На наступны дзень яго затрымалі зноў, падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, а затым яго асудзілі за дробнае хуліганства і далі штраф у 20 базавых. Пасля гэтых падзей актывіст даведаўся, што яго заднім чыслом адлічылі з унівэрсітэта. Афіцыйная прычына – невыкананне абавязкаў навучэнца. Крысціян упэўнены – за грамадскую дзейнасць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя