Крытыка ўладаў прынесла свой плён



Крытыка дзеянняў адміністрацыі Кааператыўнага рынка і чыноўнікаў райвыканкама ў Баранавічах, нязгода прадпрымальнікаў адпачываць 2 студзеня або памяняць 2-ое студзеня на  7-е прынесла свой плён.

Адміністрацыя рынка адступіла і аб’явіла 2 студзеня працоўным днём. Прадпрымальнікі задаволены. Але горкі асадак ў душы ад хлусні намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы ў душы застаўся, кажа Мікола Чарнавус:

– Намеснік старшыні па эканоміцы райвыканкама сказаў, што рынак не будзе працаваць – гэта вырашыў агульны сход рынка і Савет рынка. А сёння стала вядома, што ніхто не збіраў агульны сход, ніякі Савет рынка не галасаваў.

Абурэнне прадпрымальнікаў выклікала аб’ява адміністрацыі  Каапрынка, што рынак не будзе працаваць не толькі 1-га і 7-га, але і 2-га. Яны накіравалі Міколу Чарнавуса па інстанцыях сказаць, што 2-га студзеня жадаюць працаваць і за гэты дзень  аплачана арэнда. Нідзе не знайшоўшы паразумення, Чарнавус агучыў праблему на Радыё Рацыя і напісаў скаргу ў кнізе прапаноў і скаргаў. Чыноўнікі здалі назад.

Беларускае Радыё Рацыя