Крывавы канфлікт у школе Пінска



Следчы камітэт апытаў сведкаў і ладзіць экспертныя даследаванні па факце нападу 12-ці гадовай школьніцы на сваіх аднакласніц.

Раніцай, 12 кастрычніка, на занятку фізічнай культуры, шасцікласніца нанесла нажавое раненне двум дзяўчынкам. У выніку адна ахвяра знаходзіцца ў рэанімацыі, а другой аказалі дапамогу на месцы. Магчыма, што канфлікт здарыўся на глебе здзекаў.

“Перш за ўсё гэта сведчанне адсутнасці даверлівых адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі”, – адзначае сямейны псіхолаг Андрэй Саўчук:

– У нас усе беды ад таго, што многія з бацькоў лічаць, што матэрыяльны дабрабыт – самае галоўнае. Таму пакупаюць дзецям рознага роду гаджэты. Яны думаюць, што дзіця ў іх усім забяспечанае. У бытавым плане бацькі занятыя, ім няма калі займацца дзецьмі, каб патлумачыць, што такое добра, а што такое кепска, што можна рабіць, а што нельга.

Па папярэдней інфармацыі, канфліктная сітуацыя ў нападніцы і яе ахвяр цягнулася ўжо некалькі дзён. Былі нават пагрозы расправы. Цяпер усё ўдакладняюць следчыя.    

Беларускае Радыё Рацыя