Культуролаг Аксана Зарэцкая аштрафаваная на 2.900 рублёў



 Культуролаг Аксана Зарэцкая, член Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, аштрафаваная на 100 базавых велічынь (2.900 рублёў). Такое рашэнне вынес 12 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Менска.

Зарэцкая прызнаная вінаватай па артыкуле 24.3 КоАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).

„Аказваецца, ні ў Цэнтральным РАУС, ні на аўтамабілях супрацоўнікаў міліцыі, ні на саміх міліцыянерах няма ніякіх камер… І нават калі вам сустрэнуцца міліцыянеры, не хвалюйцеся — яны не будуць памятаць, як вы выглядаеце. Прыкладна такі вынік судовага разбору па маёй справе: сведка мяне не памятае, апісаць не можа, па месцы здзяйснення правапарушэння таксама нестыкоўкі. Пры гэтым у мяне адкрыліся звышздольнасцямі змагацца з сямю мужчынамі на абцасах, з букетам і тэатральнай сумачкай у руках”, — напісала Зарэцкая ў „Фэйсбуку”.

Культуролаг была затрыманая ўвечары 16 чэрвеня падчас прэм’еры пастаноўкі „Белы трусік, Чырвоны трусік”. Яе даставілі ў Цэнтральнае РУУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, і адпусцілі да суда дадому.

Разам з Зарэцкай тады затрымалі і іншых гледачоў, якія прыйшлі на спектакль. Частку з іх, пераважна жанчын, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці, пазней таксама адпусцілі, астатніх адправілі ў ізалятар і пакаралі адміністрацыйным арыштам.

26 мая ў Зарэцкай прайшоў вобшук, пасля чаго супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС запрасілі яе на гутарку і папярэдзілі аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў. У Зарэцкай канфіскавалі ноўтбук і тэлефон, а пасля гутаркі адпусцілі.

belapan.by