Курапаты: Месяц супрацьстаяння



29 чэрвеня падтрымаць пратэстоўцаў прыехалі ў Курапаты актывісты з розных гарадоў Беларусі: з Кобрыня, Мёраў, Віцебску, Слоніма і іншых.

Пратэстоўцы змагаюцца за закрыццё рэстарацыі “Поедем, поедим”. Таму што гэтая забаўляльная  ўстанова пабудавана незаконна ва ўрочышчы, дзе НКУС расстрэльвала бязвінных беларусаў, кажа Аляксандр Мех з Кобрыня:

– Гэта ўсё павінна быць ахоўнай зонай і помнікам. Інакш нельга.

Сяржук Васільеў, Мёры:

– Гэта чыстай вады сатанізм. На могілках пакутнікаў будуюць Бог ведае што – не то бардак, не то бардэль. Гэта трэба спыніць.

– Я – са Слоніма. Прыехалі, падтрымліваем нашых. У мяне таксама дзед загінуў, прыйшоў з вайны весь у ардэнах і медалях. Прыехаў “чорны варанок” , забралі, завезлі.  І з канцамі.

Пратэсты актывістаў пачаліся з канца траўня, першая вахта ля брамы рэстарацыі стала  роўна месяц таму, 1 чэрвеня. Пратэстоўцы запрашаюць усіх неабыякавых беларусаў падтрымаць іх у далейшым змаганні.

Беларускае Радыё Рацыя, Курапаты