Курсы беларускай мовы ўпершыню ў Гомелі



Папулярныя моўныя курсы „Мова Нанова” стартавалі ў Гомелі. На першы занятак, які праходзіў у філіі Веткаўскага музея, завітала каля сямі дзясяткаў гомельцаў. Вядоўца і заснавальнік курсаў Глеб Лабадзенка заўважае, што запуску моўнай школы ў другім па велічыні горадзе Беларусі замінаў шэраг прычынаў:

– Не было ўсіх складнікаў, якія павінны быць для курсаў. Гэта ініцыятыва на месцах, выкладчыкі і памяшканне. Усё гэта доўга не склейвалася разам. То не атрымлівалася знайсці памяшканне, то ніхто не хоча весці. Доўгі час ўгаворвалі людзей весці курсы ў Гомелі. Бо, з аднаго боку, люді увесь час пішуць у фэйсбуку, калі ім курсы зробяць, а з другога боку, калі спрабуем знайсці людзей – ніхто не хоча брацца. Бо гэта ж час выдаткоўваць, траціць сваю энергію, гэта пэўная адказнасць. Але ўрэшце ўсё склалася, таму курсы арганізаваліся.

„Мова Нанова” – гэта афіцыйна зарэгістраваныя і бясплатныя курсы беларускай мовы, якія ладзяцца на гэты момант у дзесяці гарадах Беларусі, у тым ліку ў Гародні і Берасці. Сёння ў горадзе над Нёманам пройдзе чарговая сустрэча ў межах курсаў, яе тэма – «Каханне па-беларуску: як гэта было». Пра сэксуальнае жыццё ў Вялікім Княстве Літоўскім распавядзе знаўца гэтага пытання, кандыдат гістарычных навук Наталля Сліж. Заняткі пачнуцца а 19-й гадзіне па адрасе вул.Будзённага 48-а, пакой 63.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель