Лавушкі-кармушкі ДАІ ў Лідзе



У Лідзе пляц Міцкевіча, з кветнікам пасярэдзіне, “абсаджаны” – рэкорд краіны  – 14-ю светлафорамі. Калі не патрапіш на “зялёную халю”, пераход на другі бок можа зацягнуцца на 10 хвілін. Таму лідчукі называюць яго “ лавушкай для пешаходаў” і “ кармушкай для мянтоў”.

Апошнія, калі трэба сабраць даніну для выкананню штрафнога “плана”, які ў іх не так даўно аднавілі, незаўважна прытойваюцца ў баку. Але найбольш адыёзнай склалася сітуацыя ў мікрараёне Індустрыяльным.

“Легальны” пешаходны пераход знаходзіццца па адным баку чыгункі, праз якую пазначанага знакам пераходу няма . Перайшоў – і тупік. Сітуацыю даследаваў разам з лідскімі апазіцыянерамі – сябрамі Партыі БНФ Уладзімірам Круцікавым ды Міхасём  Бурачэўскім.

Уладзімір Круцікаў: “Адбылося вось што. Міліцыя пачала штрафаваць людзей за тое, што пераходзяць чыгунку у “непаложаных” месцах. Бралі па 30 тысяч. Пры чым “дзяжурылі”, калі чалавек ідзе адзін, а не грамадой – маўляў, каб не атрымаць па пысе за непатрэбства. А на другім баку чыгункі яшчэ дзесяткі хлеўчыкаў са свінчо ды курамі, якіх штодзень трэба карміць. Пры чым, дазволены пераход праз чыгунку ў метрах 500, а пасля трэба ізноў вяртацца, каб перакрочыць праз “легальны” пераход.У выканкаме “прадзвінулі” ідэю стварэння на Індустрыяльным чыгуначнай станцыі. Але там трэба зрабіць сігналізацыю, на якую таксама грошай няма. Так што будаўніцтва не прадбачыцца…”

Міхась Бурачэўскі: “Цяпер пра светлафоры. Пасля прэзідэнцкіх Дажынак іх наставілі ў Лідзе, аж свет не бачыў. Едзеш, як па незнаёмым горадзе, бо можаш не праскочыць.  А ДАІ “дзяжурыць” пры іх. Быў выпадак, калі ў часе праліўнога дажджу праз пераход  пераехаў на “чырвоны” інвалід-калясачнік. Адкуль ні вазьміся – міліцыянт са штрафам! Каля майго дома паставілі на светлафоры дадатковую стрэлку направа. А налева – не даўмеліся ўключыць. У выніку – пастаянныя заторы…”

Уладзімір Круцікаў: “Добра, што “няма грошай” на фотафікстары, бо “лісты радасці” са штрафамі высылалі б ажно па пошце. Альбо на вуліцы Чапаева, па якой крочаць на гарадскі кірмаш. Пераход метраў на 10. Машынаў лічаныя за дзень. Але тут чамусьці светлафор зрабілі, дзе “зялёны” трэба чакаць паўтары хвіліны. Яго можна б прыбраць, хоць дзеля эканоміі электраэнергіі, але навошта? Таннае выкананне плана па штрафах і сабе ў кішэню – усё пад бокам!”

Зараз, кажуць, ня ловяць – лета час адпачынкаў. Але куранятаў – прабачце, парушальнікаў – па восені лічаць . Паглядзім?

Віталь Сямашка, Беларуская Радыё Рацыя