Леанід Судаленка: Беларусы не аматары судзіцца з падаткавікамі



Кожны чацвёрты з тых, хто атрымаў так званы «ліст шчасця» ад падатковай, змог даказаць, што не з’яўляецца дармаедам. Гэта вынікае са словаў прадстаўніцы Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Марыны Побаль. Агулам паведамленні ад падатковай атрымалі 70 тысяч плацельшчыкаў, і 15 тысяч даказалі, што не павінны плаціць падатак за дармаедства. У выпадку неабходнасці, калі справа дойдзе да суда, дапамагчы заўсёды гатовы праваабаронца Леанід Судаленка. Праўда, беларусы не надта хочуць весці судовую цяжбу з падаткавікамі.

– Звярнулася адна жанчына, якая не працавала больш за паўгода. Толькі адна яна і звярнулася. Больш пакуль ніхто не звяртаўся. І самае цікавае, што падатковая інспекцыя Савецкага раёна і мне таксама даслала паведамленне. Хоць я апошнія 10 гадоў працую прававым інспектарам у прафсаюзе РЭП. Даслалі па пошце. Я накіраваў ім адпаведныя дакументы і папрасіў, каб яны выбачыліся. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Ад плацельшчыкаў падатку за дармаедства ў казну дзяржавы паступіла тры мільёны новых рублёў, пры гэтым 1 мільён грамадзяне заплацілі датэрмінова – узамен за 10-працэнтную зніжку на падатак. Пакуль улады вырашылі не прыцягваць да адказнасці тых, хто не заплаціў збор.

Напярэдадні, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адмяняць падатак аб дармаедах не будзе, але загадаў чыноўнікам ліквідаваць хібы, якія выявіліся на практыцы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя