Леанід Зайдэс 20 ліпеня мае намер зрабіць афіцыйную заяву для СМІ
Бізнесмен Леанід Зайдэс, уласнік забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим” у Курапатах, 20 ліпеня зробіць афіцыйную заяву для прэсы.
Запрашэнне на сустрэчу Зайдэса са СМІ паступіла 19 ліпеня на рэдакцыйную пошту БелаПАН. У ім паведамляецца, што на сустрэчы будзе выкладзена „пазіцыя ўладальнікаў рэстарана з нагоды апошніх падзей вакол „Поедем поедим”, таксама будуць прапанаваныя кампрамісныя варыянты ўрэгулявання сітуацыі”.
Падчас сустрэчы журналістам абяцаюць паказаць тэрыторыю і памяшканні рэстарана. „Каб пазбегнуць магчымых правакацый уваход на тэрыторыю сямейнага рэстарана „Паедзем паядзім” будзе абмежаваны з 12.00 да 13.00. Журналісты змогуць прыняць удзел у сустрэчы толькі па папярэдняй акрэдытацыі”, — удакладняе адміністрацыя рэстарана.
Грамадскія пратэсты супраць працы забаўляльнага комплексу ў Курапатах, месцы масавага расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій, праходзяць з 31 траўня.
14 ліпеня каля ўезда ў рэстаранны комплекс у Курапатах адбыліся сутыкненні паміж удзельнікамі пратэстаў і невядомымі маладымі людзьмі. Сярод удзельнікаў сутычкі быў бізнесмен Зайдэс. Пасля гэтага інцыдэнту абаронцы Курапатаў вырашылі адмовіцца ад перамоў з уладальнікамі рэстарана, якія планаваліся на 17 ліпеня. Замест гэтага яны выставілі ім умову на працягу трох дзён спыніць працу рэстарана. Паколькі гэтага не адбылося, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў абвясцілі пра пачатак кампаніі грамадскага байкоту забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Поедем поедим”, а таксама яго ўладальнікаў і ўсіх, хто звязаны з яго працай.
Першая акцыя пратэсту планавалася 19 ліпеня каля рэстарана „Гранд Кушавель”, уладальнікам якога таксама з’яўляецца Зайдэс. Аднак яе ўдзельнікі Вольга Нікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава каля 14.00 былі затрыманыя міліцыяй. Мяркуецца, што яны знаходзяцца ва УУС Цэнтральнага раёна, на тэрыторыі якога размешчаны „Гранд Кушавель”.
belapan.by
