Леаніда Аўтухова вырашылі прыстрашыць падаткавай інспекцыяй



Двум сем’ям з аграгардка Верамееўка ў Гарадоцкім раёне вярнулі электрычнасць. Як паведамляла нашае радыё, дзве сям’і з няпоўнагадовымі дзецьмі засталіся без электрычнасці. Яны займаюць службовыя кватэры ад прадпрыемства “Райаграснаб”, аднак паколькі спынілі працоўныя адносіны з гэтым прадпрыемствам, павінны вызваліць і кватэры. Пры гэтым была парушана заканадаўчая працэдура. Сем’ям дапамагаў гарадоцкі актывіст Леанід Аўтухоў:

– Што робяць яны ўвогуле! Я сам быў у жаху. Я толькі даведаўся, калі пачуў у судзе, што дзяўчына плача. Пытаюся: што здарылася? Яна кажа: адключаюць святло. Потым прыязджае апякунства. Лядоўня не працуе, умоваў для жыцця ніякіх. Забіраюць дзетак проста. Забіраюць прымусова. Ты застаешся без дзетак. І калі не падымаць “шухеру”… Але цяпер зло на мяне маюць.

Аднак самаго актывіста хутка выклікалі ў падатковую інспекцыю, каб ён даў справаздачу пра свае даходы за апошнія 10 гадоў. Актывіст папрасіў даць дэкларацыю на беларускай мове, аднак яму адмовілі і заявілі, што згодна з пастановай Савету Міністраў, дэкларацыі павінны быць толькі па-расейску. Таксама ў выпадку адмовы запаўнення дэкларацыі актывіста прыстрашылі, што на яго складуць пратакол.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя