“Легенды (не)старой Гародні”



Сустрэча пад такой назвай адбылася ў Берасці ў межах курсаў “Мова нанова”. Госцем на ёй быў кандыдат гістарычных навук, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту і гарадзенец Андрэй Чарнякевіч:

У свой час расейскія ўлады разглядалі план пабудаваць Гарадзенскую крэпасць, якая павінна была знаходзіцца на месцы Старога горада, а цытадэль – на месцы Каложы. Мы зараз мелі б з вамі гарадзенска-берасцейскую гісторыю ці наадварот.

РР: А ці багатая Гародня на міфы?

– Гэта міф пра міф. Пра тое, што Гародня – горад легендаў і міфаў. Мне падаецца, што гэта не зусім праўда. Гарадзенскія міфы – гэта працэс стварэння, прысвойвання гісторыі. Ён адбываецца ўвесь час. І мы добра можам прасочыць на прыкладзе гэтых легендаў і міфаў, як уласна мінулая Гародня набывае такое зразумелае для большасці сённяшніх гарадзенцаў тлумачэнне.

Андрэй Чарнякевіч распавёў пра Гародню ў фармаце лекцыі-прэзентацыі з розных пунктаў гледжання – ад польскага да савецкага. Сваімі ўражаннямі дзеліцца наведвальніца сустрэчы:

– Сама я ў Гародні не была. Было вельмі цікава на гэтай сустрэчы, бо інфармацыя была пададзена ў незвычайным стылі, хутчэй у больш камічным. Гэта было нам незнаёма. Гісторыю, канешне, хацелася б ведаць. Але яна даволі зменная і незаўсёды пададзеная праўдзіва. Увогуле, мы не ведаем, якая яна насамрэч, таму хацелася б прыйсці да нейкіх правільных крыніц. Але якія яны – насамрэч ніхто не ведае.

Андрэя Чарнякевіча ў 2012 годзе звольнілі з працы ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы з фармулёўкай “за парушэнне працоўнай дысцыпліны”. Тэма навуковых інтарэсаў былога выкладчыка ГрДУ: беларускі нацыянальны рух, польска-савецкая вайна, гісторыя Гародні.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара