Лекар-герыятр Андрэй Ільніцкі: Беларусы сябе заўчасна стараць і хаваюць



Паводле Белстату, насельніцтва Беларусі складае 9  мільёнаў 456 тысяч чалавек. З іх 2 мільёны 540 тысяч – пенсіянеры. Нацыя старэе, але ці ўсе захады прадпрымаюцца для таго, каб чалавек у сталым узросце не адчуваў сябе па-за ўвагай грамадства, мог разлічваць на якаснае медычнае абслугоўванне і ўвогуле меў магчымасці для паўнавартаснага жыцця?

Доктар медычных навук, прафесар, старшыня Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб’яднання Андрэй Ільніцкі лічыць, што для дасягнення гэтых мэтаў у Беларусі трэба ўдасканальваць падрыхтоўку лекараў – каб яны мелі неабходны аб’ём ведаў у галіне герыятрыі ўлічвалі ўзроставыя асаблівасці сваіх пацыентаў:

– У нашай краіне герыятрыя звязана з усім тым, што тычыцца Вялікай Айчыннай вайны – каб рабіць медычныя агляды ветэранаў. Гэта заўжды вельмі палітызавана, бо агляды рабіліся да 9-га траўня. Але ветэранаў засталіся адзінкі. І нас турбуе тое, што ў герыятраў няма новага складу дзеяння. Сусветная тэндэнцыя палягае ў тым, каб лекар кожнай спецыяльнасці меў запас герыятрычных ведаў.

Беларусь павінна рыхтавацца да наступстваў таго, што значную частку насельніцтва краіны складаюць людзі сталага веку. І гэта тычыцца не толькі медычнага абслугоўвання, а ўвогуле стаўлення да сталых людзей з боку дзяржавы: 

– У нас ты, калі выходзіш на пенсію, то апрача твайго лецішча, кавалка зямлі, у цябе нічога няма. Вядома, беларусы не маюць столькі грошай, каб ездзіць па свеце, як нямецкія турысты! І нашы людзі сябе заўчасна і стараць, і хаваюць. Бо выбару наша грамадства людзям не дае. Ніхто не думае: вось будзе колькасць сталых людзей расці, а што далей? Мы жывём адным днём, і адсюль усе нашы праблемы. У тым ліку такога плану метафізічнага, нацыянальнага.

Калі з боку дзяржавы няма належнага клопату пра сталых людзей, то ім застаецца адно: паклапаціцца пра сябе самім, не чакаючы надыходу гаротнай старасці. Чаму варта выкараняць у грамадстве дыскрымінацыю па ўзросце, і якія практычныя парады дае лекар-герантолаг, каб захаваць здароўе?

Цалкам гутарку з Андрэем Ільніцкім слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя