Лера Лазук: Пушкін малюе з-за кратаў успаміны, фантазіі і аўтапартрэты



Палітвязень і мастак Алесь Пушкін дасылае з-за кратаў не толькі свае лісты, але і прыгожыя малюнкі. Пра малюнкі ад Пушкіна распавяде мастачка Лера Лазук:

– Ну можа дзесяць штук ён ужо нам даслаў, атрымала па пошце. Я пішу лісты ў турму, ён дасылае мне адказы на мой хатні адрас, там дзе я жыла ў Беларусі. А там ужо сябры дастаюць са скрыні і дасылаюць мне фотаздымкі гэтых малюнкаў.

Спадарыня Лера распавядае, што малюнкі ад Пушкіна вельмі разнастайныя.

– Некаторыя адлюстроўваюць яго жыццё за кратамі – невясёлае, шмат аўтапартрэтаў, напрыклад, ён намаляваў сябе, калі быў у карцары. Таксама ёсць вядомы ўжо малюнак, як ён намаляваў сваю фантазію, як яго вызвалілі з турмы, і ён святкуе са сваімі сябрамі. Нейкія ўспаміны са свойго жыцця, калі ён жыў у Віцебску.

У лістах, якія прыходзяць разам з малюнкамі Алесь Пушкін дзеліцца сваімі планамі пра новыя працы як мастака, а таксама пра тое, што за кратамі ён піша п’есу, ці як ён хоча сустрэць Перамогу. 

Нагадаем, што Алесь Пушкін зараз знаходзіцца ў Жодзіна па крымінальнай справе, якая была заведзена на яго гарадзенскай пракуратурай па ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Беларускае Радыё Рацыя