Летнія абмежаванні на праезд цяжкавагавага транспарту



У Беларусі з 21 траўня будуць дзейнічаць летнія абмежаванні нагрузак для цяжкавагавага транспарту пры праездзе па рэспубліканскіх дарогах.

У адпаведнасці з пастановай Мінтранса, летні перыяд дзеяння абмежаванняў працягнецца з 21 траўня па 31 жніўня. У гэты час максімальна дапушчальная нагрузка на адзіночную вось складзе не больш за 6 т на рэспубліканскіх дарогах з асфальтабетонным пакрыццём з 11.00 да 20.00 уключна пры дзённай тэмпературы паветра вышэйшай за 25 градусаў.

Часовыя абмежаванні не распаўсюджваюцца пры праездзе па платных рэспубліканскіх аўтадарогах (участках платных рэспубліканскіх аўтадарог). Яны таксама не закрануць транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозкі пасажыраў, жывых жывёл, кветак, грузаў гуманітарнай дапамогі, бетонных і асфальтабетонных сумесяў, бітумаў дарожных, небяспечных грузаў, скорапсавальных грузаў, збожжа, камбікармоў, насення рапсу.

На аўтамабільных дарогах будуць устаноўлены адпаведныя часовыя дарожныя знакі, для транспартных сродкаў, якія трапляюць пад абмежаванні, вызначаны пляцоўкі і месцы адстою. За перамяшчэннем цяжкавагавікоў будзе арганізаваны пастаянны кантроль.

Як тлумачаць у Мінтрансе, часовыя абмежаванні абумоўлены тым, што пры высокіх станоўчых тэмпературах дэфармацыйныя і трывальныя ўласцівасці дарожных пакрыццяў істотна пагаршаюцца.

Асфальтабетоннае пакрыццё пад уздзеяннем павышаных нагрузак транспарту дэфармуецца. Таму ў мэтах забеспячэння захаванасці аўтамабільных дарог прымаецца рашэнне аб абмежаванні руху аўтатранспарту на летні перыяд. У Мінтрансе таксама адзначаюць, што такая практыка прынята ў многіх краінах з падобнымі да беларускіх кліматычнымі ўмовамі.

 
belapan.by