Летува абсталявала калючым дротам 21 км мяжы з Беларуссю



Летува абсталявала калючым дротам 21 км мяжы з Беларуссю, усяго плануецца ўзвесці агароджу на участках агульнай працягласцю 508 км. Такія дадзеныя былі абвешчаныя 10 верасня на чарговых кансультацыях кіраўнікоў міністэрстваў унутраных спраў краін Балтыі і Польшчы па пытанні нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі.

Дрот атрыманы з Эстоніі, Славеніі, Украіны, Славакіі, Венгрыі, сродкі на яго закупку — з Чэхіі, Эстоніі і Даніі, паведамляе МУС Летувы.

На кансультацыях бакі абмеркавалі літоўскую ініцыятыву ўнесці папраўкі ў заканадаўства Еўрасаюза, якое тычыцца абароны межаў, кіравання міграцыяй і прытулку.

Правілы ЕС павінны быць адаптаваныя да сённяшніх рэалій, такім як „гібрыдная агрэсія з боку беларускага рэжыму”. Летува, Латвія і Польшча ўжо прынялі папраўкі да нацыянальнага заканадаўства, якія „дапамаглі кантраляваць патокі нелегальнай міграцыі”, але краіны Балтыі і Польшча згодныя з тым, што рашэнні неабходныя на больш высокім узроўні.

„У чальцоў ЕС ёсць права абараняць свае нацыянальныя інтарэсы і бяспеку сваіх народаў пры надзвычайнай сітуацыі. Гэта патрабуе рашэнняў таксама на ўзроўні ЕС, якія ствараюць перадумовы для барацьбы з выклікамі з боку недэмакратычных рэжымаў пры выкарыстанні імі міграцыі. Гэтыя рашэнні патрэбныя нам цяпер”, заявіла міністр унутраных спраў Летувы Агне Білатайтэ.

„Наша галоўная адказнасць забяспечыць надзейную абарону знешніх межаў ЕС і прадухіліць перасоўванне нелегальных мігрантаў у іншыя краіны ЕС; краіны Балтыі і Польшча не з’яўляюцца мэтай нелегалаў”, падкрэсліла Білатайтэ. Таму, на яе думку, фізічны бар’ер у інтарэсах усяго ЕС, на што Летува працягвае прасіць фінансавую падтрымку.

Летува, Латвія і Польшча абвясцілі рэжым надзвычайнага становішча альбо надзвычайнай сітуацыі ў раёнах, што мяжуюць з Беларуссю, з-за прытоку нелегалаў, галоўным чынам з Ірака. ЕС абвінавачвае ў крызісе беларускія ўлады, Мінск ускладае віну на ЕС. Беларускае пагранічнае ведамства паведамляе пра пакуты жывёл, якiя не могуць міграваць зза калючага дроту на літоўскім баку мяжы.

БелаПАН