Лідар “Беларускага зялёнага фронту” Віктар Талмачоў перамог у судзе
Напярэдадні выхадных у судзе Першамайскага раёна сталіцы адбыўся разгляд адміністрацыйнай скаргі лідара грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны фронт”, старасты дома нумар 37, што на вуліцы Славінскага, Віктара Талмачова супраць міліцэйскага “пазаштатнага супрацоўніка” Іосіфа Бацечкі. Раней апошні падаў зыск супраць грамадскага дзеяча на 250 рублёў за, нібы, пашкоджанне ім яго аўтамабіля. Віктар Талмачоў разам з паплечнікамі працяглы час вядзе змаганне за захаванне ў наваколлі зялёнай зоны, на месцы якой незаконна, паводле яго, хочуць пабудаваць аўтастаянку. За што быў жорстка збіты з пашкоджаннямі галавы, нырак ды ўнутраных органаў згаданым Бацечкам. Што пацвердзіла судмедэкспертыза.
За час пасля мінулага суда высветлілася, што аўто “форд фокус універсал” належыць не “канцэртуючаму баяністу” Бацечку, як ён сябе называў у судзе, а падпалкоўніку Уладзіміру Салаўю, што пражывае побач. І які, здаецца, скаргу на 71-гадовага Віктара Талмачова за “абсыпанне пудрай” падаваць не збіраецца – “за адсутнасцю склада злачынства”. Затое “баяніст” з баксёрскім мінулым працягваў запалохванне сябра ініцыятыўнай групы Тпццяны Хійніцкай.
Суддзя Таццяна Ліннік па выніках справы вынесла па артыкулах 9-1 і 9-2 – хуліганства з цялеснымі пашкоджаннямі са знявагай грамадскага дзеяча – рашэнне аштрафаваць Бацечку на 10 базавых велічынь. Тым часам, Віктар Талмачоў падае скаргу ў гарадскі суд, каб адміністрацыйную справу ў адносінах да Бацечкі змяніць на крымінальную. Паводле яе, міліцэйскаму “пазаштатнаму супрацоўніку” можа пагражаць 6 месяцаў арышту.
Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
