Лідара гурта “Лепшы квас” прызналі “дармаедам”



Вакаліст і лідар папулярнага музычнага гурта “Лепшы квас” Уладзіслаў Лепяшынскі атрымаў з падатковай інспекцыі ліст з патрабаваннем заплаціць падатак на дармаедства. Пры гэтым фронтмэн “Лепшага кваса” вучыцца ў адным з каледжаў Менскага раёна на спецыяльнасці “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, а студэнты, як вядома, пад катэгорыю “дармаедаў” не трапляюць.

Уладзіслаў Лепяшынскі лічыць, што прычына такой памылкі – няправільны ідэнтыфікацыйны нумар, дасланы ў падатковую з каледжа, у якім ён вучыцца.

– Калі прыйшоў у падатковую, шмат пытанняў задаваць не хацелася, але ж запытаўся, чаму так адбылося? На што мне адказалі, што ўстановы адукацыі не дасылаюць інфармацыі. Таксама быў у каледжы і спытаў, ці дасылалі яны інфармацыю, але мне нічога канкрэтнага не адказалі. Але ж нешта яны дасылаюць, і дасылаюць нумары, у якіх таксама ёсць памылкі. Зараз усё нармальна. Плаціць нічога не трэба. Буду чакаць наступны ліст у наступным годзе.

Як прызнаецца музыка, „сюрпрыз” хоць і быў для яго непрыемным, тым не менш моцна не збянтэжыў, бо было зразумела, што здарылася памылка.

Але такіх памылак у апошні час стала занадта шмат, што выклікае заклапочанасць. Даўно неабходна задумацца пра адмену гэтага дэкрэта, – дадаў Уладзіслаў Лепяшынскі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя